Еўрапарламент заклікаў улады Беларусі зняць усе абвінавачанні з фігурантаў „справы БелТА”
Сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі працягвае пагаршацца, што пацвярджаецца „сур’ёзным пераследам незалежных навінавых парталаў і журналістаў”. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі, якую 4 кастрычніка прыняў Еўрапарламент.
У дакуменце згадваюцца выпадкі затрымання журналістаў у 2017 годзе пры асвятленні акцый пратэстаў (больш за 100 затрыманняў), пераслед карэспандэнтаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, а таксама блакаванне сайтаў „Хартыя’97” і „Беларускі партызан”.
Еўрапарламент таксама канстатуе, што ў жніўні гэтага года беларускія ўлады правялі вобыскі ў рэдакцыях шэрагу СМІ, уключаючы незалежныя рэсурсы tut.by і БелаПАН, у сувязі са „справай БелТА”. Журналісты і рэдактары гэтых СМІ, уключаючы галоўных рэдактараў, затрымліваліся на розныя тэрміны па абвінавачанні ў незаконным доступе да матэрыялаў дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да журналістаў і рэдактараў шэрагу СМІ. Еўрапарламент разглядае затрыманні журналістаў у жніўні як неадпаведную меру і заклікае беларускія ўлады зняць з іх усе абвінавачанні, а таксама неадкладна спыніць блакаванне сайта „Хартыя’97” на тэрыторыі краіны.
Акрамя таго, у рэзалюцыі адзначаецца, што апошнія змены ў закон аб СМІ, прынятыя ў чэрвені 2018 года, узмацняюць дзяржкантроль за анлайн-СМІ і ўскладняюць іх дзейнасць. Еўрапарламент шкадуе з нагоды гэтых змен, называючы іх „інструментам узмацнення жорсткасці кантролю над інтэрнэтам”, і зноў заяўляе аб сур’ёзнай занепакоенасці з нагоды далейшага пагаршэння клімату для незалежных і апазіцыйных вэб-сайтаў, СМІ і журналістаў у Беларусі.
Еўрапарламентарыі „рашуча асуджаюць” усе выпадкі пераследу журналістаў і незалежных СМІ ў Беларусі. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады паважаць дэмакратычныя прынцыпы, вяршэнства закона, правы чалавека і асноўныя свабоды.
Еўрапарламент ухваліў дзеянні ўрадаў Польшчы і Літвы па падтрымцы незалежных СМІ ў Беларусі, асабліва сайта „Хартыя’97” і тэлеканала „Белсат”. Еўрапарламента заклікаў іншыя дзяржавы ЕС узяць з іх прыклад і садзейнічаць заахвочванню свабоды слова і правоў чалавека ў Беларусі.
Еўрапарламентарыі заклікалі Еўрапейскі фонд за дэмакратыю і іншыя заходнія фонды аказаць дапамогу ў фінансаванні незалежных СМІ ў Беларусі. Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў і Еўракамісіі рэкамендавана працягваць аказваць падтрымку арганізацыям грамадзянскай супольнасці і СМІ ў Беларусі.
У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік правесці незалежнае расследаванне смерцяў беларускіх журналістаў, уключаючы Алега Бябеніна і Паўла Шарамета.
Еўрапарламент выказаў шкадаванне ў сувязі з прысудамі лідарам незалежнага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку, а таксама запатрабаваў вызвалення актывістаў Міхаіла Жамчужнага і Дзмітрыя Паліенкі, якія адбываюць турэмныя тэрміны.
belapan.by