Еўрапарламент зацвердзіў новыя правілы выдачы візаў у ЕЗ
Еўрапарламент зацвердзіў новы візавы кодэкс Еўразвязу, які ўстанаўлівае парадак і ўмовы выдачы візаў грамадзянам больш за 100 краін, якія не ўваходзяць у ЕЗ.
Пра гэта паведамляе «Европейская правда» са спасылкай на прэс-службу Еўрапарламента.
«ЕЗ спросціць працэдуры запыту і выдачы кароткатэрміновых візаў і будзе выкарыстоўваць сваю візавую палітыку, каб заахвоціць краіны, якія не ўваходзяць у ЕЗ, супрацоўнічаць у сферы міграцыі», – гаворыцца ў заяве.
Змены датычацца візаў для кароткатэрміновых паездак да 90 дзён цягам любога 180-дзённага перыяду.
Згодна з новымі правіламі, заява на атрыманне візы павінна быць пададзеная цягам шасці месяцаў (замест існых трох месяцаў) і не менш, чым за 15 дзён да паездкі, за выключэннем маракоў, якім будзе дазволена падаваць заявы за дзевяць месяцаў.
Агульны візавы збор будзе павялічаны з 60 да 80 еўраў – пры магчымым зніжэнні для асоб ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама для дзяцей ва ўзросце да 6 гадоў. Студэнты і навукоўцы будуць па-ранейшаму вызваленыя ад выплаты візавага збору.
Змены ўвойдуць у дзеянне праз шэсць месяцаў пасля апублікавання ў Афіцыйным часопісе ЕЗ.
Колькасць заяў на атрыманне візаў у ЕЗ павялічылася на 50% за апошнія некалькі гадоў, з 10,2 мільёна ў 2009 годзе да 15,2 мільёна ў 2016 годзе.