Еўрапарламентарыі заклікаюць перагледзець стасункі з пасольствам Беларусі ў Бруселі



Еўрапейскі парламент павінен адрэагаваць на выдварэнне еўрапейскіх дыпламатаў з Беларусі, лічаць восем членаў ЕП. Сваю пазіцыю яны выклалі ў лісце, адрасаваным старшыні структуры Давіду Сасолі.

У лісце адзначаецца, што „шэсць месяцаў мірных пратэстаў у Беларусі былі адзначаныя гвалтам, запалохваннем, уціскам і пераследамі з боку рэжыму Лукашэнкі, больш за 33 тыс. беларусаў было арыштавана, больш за 1,8 тыс. зведалі катаванні і 9 забіта”.

Падкрэсліваецца, што са жніўня 2020 года каля 500 журналістаў было арыштавана, дзесяць застаюцца ў зняволенні, а спіс палітвязняў налічвае 269 чалавек (па стане на 12 сакавіка — 285. — БелаПАН.).

У кастрычніку 2020 года, нагадваюць аўтары, беларускія ўлады запатрабавалі ад Літвы і Польшчы скараціць персанал у сваіх пасольствах у Беларусі. У адказ на гэта некалькі членаў ЕС, ЗША і Вялікабрытанія адклікалі таксама сваіх паслоў з Мінска. „Самая апошняя атака на еўрапейскіх дыпламатаў адбылася на гэтым тыдні, калі яшчэ адзін польскі дыпламат быў высланы з консульства ў Брэсце”, — гаворыцца ў дакуменце.

Аўтары ліста заклікалі Сасолі ініцыяваць „адпаведны адказ Еўрапейскага парламента, абмежаваўшы доступ у Еўрапарламент для супрацоўнікаў пасольства Беларусі ў Бруселі, колькасць супрацоўнікаў беларускага пасольства, якія маюць фізічны або аддалены доступ да сустрэч, што праводзяцца Еўрапарламентам, павінна быць абмежавана”. Акрамя таго, лічаць яны, камунікацыі з пасольствам у бельгійскай сталіцы павінны быць перагледжаныя.

„Мы просім вас прыняць гэтыя сімвалічныя, але важныя меры ў знак падтрымкі еўрапейскіх дыпламатаў, якія становяцца аб’ектам антыеўрапейскай прапагандысцкай кампаніі ў Беларусі, і ў знак салідарнасці з дэмакратычнай апазіцыяй Беларусі”, — пішуць еўрапарламентарыі.

Ліст падпісалі Пятрас Аўштравічус, Роберт Бедрань і іншыя еўрадэпутаты з Літвы, Польшчы, Іспаніі, Францыі і Венгрыі.

Сёння Варшава заявіла пра высылку двух беларускіх консулаў: з пасольства ў сталіцы краіны і генконсульства ў Беластоку. Напярэдадні Міністэрства замежных спраў Беларусі ўручыла часоваму паверанаму ў справах Польшчы Марціну Вайцяхоўскаму ноту, у якой кіраўніку і консулу генеральнага консульства Польшчы ў Гродне было прапанавана пакінуць тэрыторыю краіны на працягу 48 гадзін.

9 сакавіка МЗС выклікала Вайцяхоўскага, каб заявіць „рашучы пратэст у сувязі з удзелам консула генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце Ежы Цімафеюка ў неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным „дню праклятых жаўнераў”, якое прайшло 28 лютага 2021 г. у г. Брэсце з удзелам прадстаўнікоў звязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый”. Цімафеюку было прапанавана пакінуць краіну на працягу двух сутак.

10 сакавіка адзін з супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Варшаве абвешчаны персонай нон грата.

belapan.by