Еўрапейская хрысціянска-палітычная моладзь прыняла рэзалюцыю па Беларусі



Еўрапейская хрысціянска-палітычная моладзь (ECPYouth) на сваім Усеагульным з’ездзе 21 ліпеня ў Уроцлаве (Польшча) прыняла рэзалюцыю па Беларусі ў сувязі з парушэннем правоў на свабоду сумлення ў краіне.

У рэзалюцыю адзначаецца, што свабода сумлення з’яўляецца фундаментальным правам чалавека, якое распаўсюджвае сваё дзеянне незалежна ад краіны пражыцця людзей. Разам з тым існуе шмат інфармацыі пра парушэнні права на свабоду сумлення ў Беларусі.

У сувязі з гэтым Еўрапейская хрысціянска-палітычная моладзь заклікае ўлады Беларусі скасаваць абмежаванні свабоды сумлення ў краіне. У прыватнасці, гаворыцца ў рэзалюцыі, неабходна спыніць абмежаванне правоў замежнікаў на рэлігійную дзейнасць у краіне, спрасціць магчымасці заснавання новых рэлігійных абшчын і супольнасцяў, а таксама прыраўняць навучэнцаў вышэйшых рэлігійных адукацыйных устаноў у іх правах да навучэнцаў іншых вну.

“Свабода сумлення ў Беларусі вельмі істотна абмежаваная. Стварэнне новых рэлігійных абшчын і супольнасцяў празмерна ўскладненае. Рэлігійныя арганізацыі розных канфесій рэгулярна сутыкаюцца з адвольнымі забаронамі на рэлігійную дзейнасць замежных святароў, пастараў і прапаведнікаў. Сёлета ж над дзясяткамі праваслаўных і каталіцкіх семінарыстаў навісла пагроза вайсковага прызыву, ад якога пазбаўленыя навучэнцы іншых вну. Усе гэтыя праблемы неабходна вырашаць. І вельмі добра, што міжнародная супольнасць не застаецца ў баку ад беларускай сітуацыі”, – адзначыў намеснік старшыні Сацыяльна-хрысціянскага руху, сябар працоўнай групы па палітыцы Еўрапейскай хрысціянска-палітычнай моладзі Максім Гацак.

На з’ездзе ECPYouth 21 ліпеня таксама былі прынятыя рэзалюцыі, датычныя праблемы гандлю людзьмі і сітуацыі з украінскімі палітвязнямі ў Расеі, і абранае новае кіраўніцтва арганізацыі.

Еўрапейская хрысціянска-палітычная моладзь (ECPYouth) аб’ядноўвае хрысціянскія моладзевыя палітычныя арганізацыі і маладых палітыкаў-хрысціянаў з усёй Еўропы. Арганізацыя ў сваю чаргу ўваходзіць у склад еўрапейскай палітычнай партыі Еўрапейскі хрысціянска-палітычны рух (ECPM).

bchd.info