Еўрапейская партыя кансэрватараў і рэфармістаў: Заклікаем да мірнага трансферу
Еўрапейская партыя кансэрватараў і рэфармістаў заклікала кіраўніцтва Беларусі да мірнага трансферу ўлады. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве агульнаеўрапэйскай правацэнтрысцкай сілы, якая была апублікаваная на сайце партыі.
У сваёй адозве агульнаеўрапейская партыя, якая мае ў Эўрапарламенце фракцыю з 62 дэпутатаў, гаворыць:
Еўрапейская партыя кансерватараў і рэфармістаў выказвае салідарнасць з беларускім народам, які больш за тыдзень мірна пратэставаў супраць спробаў Лукашэнкі пашырыць сваё аўтакратычнае кіраванне шляхам фальсіфікацыі выбараў. Мы лічым, што выбарчы працэс не быў ні свабодным, ні справядлівым, бо выбарчая кампанія была адзначана страхам арыштаў, пераследам кандыдатаў, пераследам іх прыхільнікаў, абмежаваннем доступу выбаршчыкаў да галасавання і абмежаваннем незалежнага назірання за выбарамі.
Нягледзячы на гэтыя жорсткія недэмакратычныя ўмовы, беларускі народ відавочна прагаласаваў за перамены пасля больш чым двух дзесяцігоддзяў прыгнёту.
Мы заклікаем Аляксандра Лукашэнку паважаць рашэнне беларускага народу і мірна сыходзіць.
Мы заклікаем ўлады Беларусі ўстрымацца ад ужывання сілы, вызваліць усіх, хто быў несправядліва арыштаваны, і паважаць фундаментальнае права на свабоду мірных сходаў. Мы таксама заклікаем правесці міжнароднае расследаванне забойства мірных дэманстрантаў спецыяльнымі службамі, а таксама раследваць ўсе заявы пра ўжыванне катаванняў і непрапарцыйнай сілы.
Рэжым і яго апарат павінны быць перакананы, што любыя дзеянні, прынятыя супраць міжнароднага права, будуць расследаваны. Мы заклікаем Еўрапейскі саюз увесці санкцыі супраць асобаў, якія вінаватыя ў фальсіфікацыі выбараў, гвалце і рэпрэсіях, а таксама ў абмежаванні фундаментальных правоў і свабодаў.
Мы хацелі б выразна заявіць, што любыя намаганні Расіі ўмяшацца супраць беларускага народа ў мэтах падтрымкі дыскрэдытаванага і нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі будуць адкрыта парушаць міжнароднае права і запатрабуюць неадкладнага рэагавання ЗША, АБСЕ і іншых міжнародных інстытутаў. Мы перасцерагаем ад любой спробы мілітарызаваць сітуацыю і справакаваць напружанасць з суседнімі краінамі.
Як сябры Беларусі, мы цалкам прызнаем памкненні беларускага народа да дэмакратычнай, квітнеючай, незалежнай і суверэннай краіны. Мы заклікаем Еўрапейскі Саюз, яго дзяржавы-члены і дэмакратычную міжнародную супольнасць актывізаваць намаганні ў аказанні дапамогі беларускаму народу дзеля дасягнення гэтай мэты.
Беларусь – наш блізкі сусед. У нас ёсць агульная гісторыя, а таксама ёсць агульная будучыня. Мы выступаем за беларускі народ і заклікаем Еўрапейскі саюз зрабіць канкрэтныя дзеянні і аказаць істотную дапамогу беларускаму народу.
Партыя Еўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў – ангульнаеўрапейскі альянс правацэнтрысцкіх палітычных партыяў Еўропы, у склад якога ўваходзяць Кансэрватыўная партыя Вялікай Брытаніі, польская Права і справядлівасьць, чэская Грамадзянская дэмакратычная партыя ды іншыя ўрадавыя партыі з Еўропы і суседніх краінаў. У цяперашні час існуюць фракцыі і групы Альянсу ў Еўрапейскім парлямэнце, Камітэце рэгіёнаў, Парламэнцкай Асамблеі Рады Еўропы, Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў ды ў Парлямэнцкай Асамблеі NATO. Беларусь у складзе еўрапейскага інтэрнацыяналу правацэнтрысцікіх сілаў прадстаўляе Партыя БНФ.