Еўрапейскі палітык крытыкуе хаду выбарчай кампаніі



На парламенцкіх выбарах у Беларусі не створаныя роўныя магчымасці для кандыдатаў ад апазіцыі і ўлады, заявіў прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) Жазэф Доль, выступаючы 2 верасня ў Менску на канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый.

zhol_1000

«Відавочна, што правілы празрыстай дэмакратыі не будуць паважацца ў Беларусі 11 верасня», — сказу ён.

Паводле слоў Доля, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года беларускія ўлады падалі міжнароднай супольнасці пэўныя сігналы — пра гатоўнасць да дыялогу, пра намер змяніць выбарчае заканадаўства. Аднак, дадаў выступоўца, прапановы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ аб правядзенні выбараў у большасці сваёй улічаныя не былі.

«Сітуацыя не змянілася ў той ступені, як мы спадзяваліся. Свабода СМІ вельмі далёкая ад ідэалу, грамадзянская супольнасць слабая, улады выкарысталі хлуслівыя прычыны для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты апазіцыйных прэтэндэнтаў», —  пералічыў Доль.

Між тым дэмакратыя «пачынаецца з празрыстых выбараў», і Еўропа не будзе адыходзіць ад сваіх прынцыпаў пры іх ацэнцы, падкрэсліў ён.

Паводле слоў прэзідэнта ЕНП, Еўропа гатовая развіваць адносіны з Беларуссю, таму што выкарыстанне толькі адных санкцый „сітуацыю не вырашыць”.

«Мы гатовыя дапамагаць уладам, але не гатовыя іграць у іх спектаклі. Я прызнаю, калі ёсць прагрэс, але я кажу і пра тое, што не працуе», — дадаў Доль.

Ён паведаміў, што на сустрэчах з прадстаўнікамі ўлады казаў пра неабходнасць існавання ў краіне незалежнай судовай улады, правядзення рэальнай барацьбы з карупцыяй. „Я казаў ім, што без дэмакратыі ў дзяржавы няма будучыні, бо моладзь з’едзе з яе», — сказаў еўрапейскі палітык.

Пры гэтым ён адзначыў: у Беларусі «трэба быць смелым, каб займацца палітыкай».

Жазэф Доль прыбыў у Беларусь з двухдзённым візітам 1 верасня. Ён правёў сустрэчы як з актывістамі апазіцыі, так і з прадстаўнікамі ўлады. Вядома, у прыватнасці, што ўчора Доль сустракаўся з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной і намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерыем Міцкевічам.

Еўрапейская народная партыя — правацэнтрысцкая агульнаеўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі краін Еўропы. ЕНП з’яўляецца адной з найбуйнейшых партый Еўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Еўрасаюза і ў Савеце Еўропы.

БелаПАН