Еўрапейскі вяшчальны саюз занепакоены атакамі на свабоду прэсы ў Беларусі
Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) вельмі занепакоены актывізацыяй нападаў на свабоду прэсы ў Беларусі, гаворыцца ў заяве, апублікаванай 18 лютага на сайце EBU.
„Сёння журналіст і аператар, якія працавалі на „Белсат”, даччыную кампанію нашай польскай членскай арганізацыі — TVP, былі прыгавораныя да двух гадоў турэмнага зняволення за рэпартаж пра пратэсты, — адзначаецца ў дакуменце. — Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову абвінавацілі ў „арганізацыі і падрыхтоўцы акцый, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, пры асвятленні мітынгу ў Мінску”.
Генеральны дырэктар EBU Ноэл Карэн заявіў: „Мы вельмі занепакоеныя тым, што журналістаў саджаюць у турму за тое, што яны проста выконваюць сваю працу, забяспечваючы людзям доступ да аб’ектыўных навін і інфармацыі”.
У вяшчальным саюзе звярнулі ўвагу на тое, што прысуд „рушыў услед за вобшукамі ў дамах журналістаў і работнікаў СМІ на пачатку тыдня”. Супрацоўнікі праваахоўных органаў „абшукалі офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў, канфіскаваўшы абсталяванне і дакументацыю, а таксама правялі вобшукі ў дамах яе асноўных прадстаўнікоў”.
Са жніўня 2020 года, адзначылі ў саюзе, зафіксавана прыкладна 400 выпадкаў затрымання або нападу на беларускіх і замежных журналістаў, якія асвятлялі пратэсты па ўсёй краіне.
„Свабода прэсы з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека, і вельмі трывожна бачыць, як улады ў Беларусі парушаюць міжнародныя законы, працягваючы спробы задушыць свабоду слова і пазбавіць сваіх грамадзян доступу да інфармацыі, якая ўяўляе грамадскі інтарэс. Мы заклікаем улады неадкладна вызваліць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову і даць СМІ магчымасць асвятляць падзеі свабодна, не асцерагаючыся пераследаў”, — заявіў Карэн.
18 лютага суддзя Наталля Бугук на пасяджэнні суда Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыла Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрасіла пракурор Аліна Кас’янчык.
Журналісткі прызнаныя вінаватымі на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту, актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).
Андрэева і Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года пасля прамога эфіру (стрыму) з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сімвалічнай „плошчы Перамен” у Мінску (двор на вуліцы Чарвякова).
Судовы працэс пачаўся 9 лютага і фактычна прайшоў без удзелу журналістаў незалежных беларускіх СМІ. У першы дзень, нягледзячы на папярэднюю акрэдытацыю, на пасяджэнне змаглі трапіць толькі некалькі прадстаўнікоў недзяржаўных медыя, а таксама супрацоўнікі дзяржаўных і расійскіх выданняў, блізкія сваякі, прадстаўнікі дыпмісій. На пасяджэнне 16 лютага пусцілі толькі сваякоў, дыпламатаў, супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў СТВ і ОНТ.
Журналісткі віну не прызналі.
У апошнім слове Дар’я Чульцова папрасіла суд „дасканала разабрацца і даць непрадузятую ацэнку матэрыялам справы”, якія, як яна лічыць, паказваюць на яе невінаватасць.
Кацярына Андрэева таксама заявіла, што пададзеныя на судзе доказы ў поўнай меры даказваюць яе невінаватасць. Журналістка падкрэсліла, што яе „кінулі за краты паводле прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачання”. „Я не арганізоўвала дзеянні, якія груба парушаюць спакой, я не схіляла нікога да парушэння закона, я не здзяйсняла злачынства сама”, — сказала яна.
У абарону Андрэевай і Чульцовай выступіла беларуская і сусветная медыясупольнасць, Еўрасаюз, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі. Праваабаронцы прызналі журналістак палітзняволенымі.
Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавалі перагледзець пастанову суда па справе Андрэевай і Чульцовай, вызваліць іх з-пад варты і спыніць пераслед журналістаў і медыя ў краіне.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда даручыў польскім дыпламатам у Мінску перадаць беларускаму боку яго „цвёрдае непрыманне рэпрэсій супраць свабоды слова і грамадзянскіх правоў, заклік да іх спынення”, а таксама заклікаў вызваліць журналістак „Белсата”.