Еўрапейскія левыя абмяркоўвалі ў Менску тэорыю марксізму



Двухдзённая міжнародная канферэнцыя еўрапейскіх левых арганізацый пры ўдзеле Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” праходзіла пад назвай “Марксізм і палітычная практыка левых на сучасным этапе”.

Канферэнцыя атрымалася даволі прадстаўнічай, кажа ўдзельнік канферэнцыі, сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы Свет” Павел Катаржэўскі.

– У канферэнцыі бралі ўдзел госці з Чырвона-зялёнага альянсу Даніі, з кааліцыі радыкальных левых Грэцыі, з левай партыі Германіі, з Інстытуту глабалізацыі і сацыяльных даследаванняў Расеі. Былі паднятыя вельмі цікавыя пытанні. Галоўная тэма канферэнцыі “Левая тэорыя і левая практыка”. Але абмяркоўваліся не толькі тэарэтычныя пытанні, але і сітуацыя ў нашых краінах.

Як кажуць яе арганізатары, Канферэнцыя еўрапейскіх левых была прымеркаваная  да 150-годдзя з дня выхаду першага тома “Капітала” Карла Маркса. Галоўная задача канферэнцыі – пераасэнсаваць усё тое, што сёння адбываецца ў Еўропе і Свеце, і разам абмеркаваць, што могуць прапанаваць левыя партыі, каб пераадолець сённяшні крызіс.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск