ЕўрАзЭС – саюз недэмакратычных дзяржаваў
Еўразійскі эканамічны саюз існуе ўжо некалькі дзён – з першага студзеня 2015 года. І першым старшынём гэтага ўтварэння з’яўляецца менавіта Беларусь. Як адзначыў у падвядзенні вынікаў года старшыня Управы нашага Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа, адметна, што гэта саюз таксама далёка недэмакратычных дзяржаваў:
– Гэта блок аўтакратычных дзяржаваў. Гэта амаль дыктатуры. Сёння маем Расею, Беларусь, Казахстан, Арменію. Маем абсалютна аўтарытарныя дзяржавы. Узнікае пытанне: гэта жаданне дыктатур супольна бараніцца ці скарыстаць фінансавы патэнцыял Расеі?
Беларусь да расейскай кропельніцы падключана ўжо даўно – прыгадвае Яўген Вапа. У той жа час знешні доўг на сёння 12,8 мільярдаў даляраў, на працягу мінулага году ён павялічыўся больш, чым на 400 мільёнаў даляраў. А кошт беларускага рубля абваліўся на 25 працэнтаў:
– Аляксандар Лукашэнка прымае адусюль крэдыты: і ад Расеі, і ад МВФ, і ад Кітая. І колькасць гэтых крэдытаў ставіць пытанне – а што далей?
Невядома, ці новы Еўразійскі эканамічны саюз здолее вывесці беларускую эканоміку таксама на новы, больш высокі ўзровень развіцця – выказвае сумнеў Яўген Вапа.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ria.ru
