Еўразійскі саюз можа пашырыцца на дзве краіны



У пачатку кастрычніка будучы Еўразійскі саюз можа пашырыцца на дзве краіны. 10 кастрычніка на чарговай сустрэчы кіраўнікоў краінаў ЕўрАзЭС мае разглядацца пытанне далучэння да крамлёўскіх інтэграцыйных праектаў Арменіі і Кыргызстана.

У часе напружаных адносінаў з цывілізаваным светам Крамлю неабходна паказаць, што ён не знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі, але гэтыя дзве краіны не ўзмоцняць Еўразійскі саюз адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

– Што асабіста, напрыклад, Арменія можа дадаць Мытнаму саюзу. Заўважце, няма агульнай мяжы з гэтым саюзам. Што Арменія вырабляе, якія вырабы цікавыя на гэтым рынку? Што тычыцца Кыргызстана, ад яго патрабуюць, каб ён закрыў мытную мяжу з Кітаем. Кыргызстан патрабуе ўзмацненне гэтага мытнага кантролю з Кітаем кампенсаваць канкрэтнымі сумамі.

Дамову аб стварэнні Еўразійскага саюза ў траўні падпісалі кіраўнікі Беларусі Казахстана і Расеі. Напярэдадні Лукашэнка патрабаваў ад дэпутатаў нацыянальнага сходу, каб пры ратыфікацыі дакументаў аб стварэнні саюза, звяртаць увагу на некарысныя для Беларусі нормы дамоваў і прапаноўваць змены, карысныя для беларускіх інтарэсаў.

Беларускае Радыё Рацыя