Еўразвяз абвясціў інфармацыю пра новыя санкцыі супраць РФ



Еўрапейскі звяз, як і абяцаў, апублікаваў новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі, якія з гэтага моманту ўступілі ў сілу. Амбасадары 28 краін ЕЗ у чацвер прынялі рашэнне пра ўвядзенне з 12 верасня дадатковых санкцый.

У новы санкцыйны спіс ЕЗ трапілі кампаніі „Раснафта”, „Транснафта”, „Газпрам нафта”, паведамляе афіцыйны часопіс ЕЗ. Таксама Еўразвяз увёў забарону на арганізацыю пазыковага фінансавання для трох найбуйнейшых абаронных канцэрнаў Расеі – „Уралвагонзавода”, „Абаронпрама” і Аб’яднанай авіябудаўнічай карпарацыі.

У абноўлены чорны спіс ЕЗ уключаны 24 чалавекі, у тым ліку генеральны дырэктар карпарацыі „Растэх” Сяргей Чэмезаў, прэм’ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Захарчанка, лідар ЛДПР і дэпутат Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі, а таксама віцэ-спікеры ніжняй палаты расейскага парламента. Такім чынам, спіс санкцый супраць канкрэтных асоб пашырыўся да 119 чалавек.

* * *

Злучаныя Штаты Амерыкі далучыліся да Еўразвязу ў абвяшчэнні санкцый супраць Расеі. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнта ЗША Мары Харф. Яна адзначыла, што краіна паглыбляе і пашырае санкцыі ў дачыненні да фінансавага, энергетычнага і абароннага сектараў Расеі.

Сябры Еўразвязу на гэтым тыдні ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Расеі з-за яе дзеянняў ва Украіне. Абвяшчэнне зместу гэтых санкцый было адкладзена на некалькі дзён у спадзяванні пабачыць ад Масквы рашучыя крокі па дээскалацыі крызіса на ўсходзе Украіны.

Санкцыі супраць Расеі могуць быць перагледжаныя ў канцы верасня, калі ў працэсе дээскалацыі будзе прагрэс, — заявіў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд у часе тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

* * *

Новыя санкцыі ўступаюць у сілу 12 верасня. Амбасадары ўсіх 28 краін Еўразвязу ўзгаднілі новы пакет санкцый супраць Расеі. Такім чынам аб’яднаная Еўропа рэагуе на дзеянні Расейскай Федэрацыі ва Украіне. Як інфармуе BBC, на гэты раз санкцыі накіраваныя супраць расейскіх нафтавых кампаній „Раснафта” і „Транснафта”, а таксама „Газпрамнафта”. Плануецца абмежаваць іх доступ да міжнародных рынкаў капіталу. Таксама санкцыі Еўразвязу ўключаюць забарону на ўязныя візы і замарожванне актываў расейскіх чыноўнікаў і арганізацый, уключна з лідарамі тэрарыстаў з Данбасу.

Як вядома, кіраўніцтва Расеі пагражае Захаду новымі „антысанкцыямі”. Памочнік прэзідэнта Уладзіміра Пуціна Андрэй Белавусаў заявіў, што расейскі бок ужо падрыхтаваў пералік тавараў, якія могуць быць забаронены. Гэта і імпарт аўтамабіляў з Еўрапейскага Звязу, і пастаўкі некаторых відаў прадукцыі лёгкай прамысловасці, якую, нібыта, ужо навучыліся рабіць у Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота blog.shikate.ru