Еўразвяз адмаўляецца ад „мяккай сілы”



Міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю і фіяска пасля вываду амерыканскіх войскаў з Афганістана паказалі Еўразвязу неабходнасць адмовіцца ад палітыкі „мяккай сілы” на карысць больш жорсткай пазіцыі на міжнароднай арэне, піша французскае выданне El País. Гэта дазволіла краінам – чальцам ЕЗ пераадолець рознагалоссі, якія перашкаджалі прагрэсу на шляху да агульнаеўрапейскай абароны. У сувязі з неабходнасцю барацьбы з разнастайнымі гібрыднымі атакамі Еўразвяз паступова „скідае авечую шкуру” і пераходзіць да больш ваяўнічай рыторыкі і палітыкі, піша El País. У адказ на адну з такіх пагроз, міграцыйны крызіс на польска-беларускай мяжы, на гэтым тыдні старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен і генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг прыбылі ў Рыгу, дзе „не пашкадавалі рэзкіх слоў у адрас Аляксандра Лукашэнкі”. «Наша пасланне яснае: ЕЗ і НАТА працуюць для таго каб супрацьстаяць падобным гібрыдным атакам», – заявіла фон дэр Ляйен на прэс-канферэнцыі ў Рызе, падкрэсліўшы, што Польшча, Латвія і Літва «падвергліся наўмыснай, цынічнай і небяспечнай атацы, арганізаванай рэжымам Лукашэнкі». Як зазначае выданне, Брусель мае намер прадэманстраваць, што Польшча і краіны Балтыі могуць разлічваць не толькі на салідарнасць еўрапейскіх партнёраў, але і на ваенную падтрымку ў выпадку неабходнасці.

ЗША задумалі адключыць Расею ад SWIFT

Амерыканскі тэлеканал CNN са спасылкай на ананімныя крыніцы паведамляе, што ў ЗША рыхтуюць новы пакет санкцыяў супраць Расеі. Дакумент уключае так званы «ядзерны варыянт» – адключэнне Расіі ад міжнароднай плацежнай сістэмы SWIFT. Вясной Еўрапарламент прыняў неабавязковую рэзалюцыю, якая заклікае да такога кроку ў выпадку ўварвання Расеі ва Украіну, і ЗША абмяркоўвалі гэта з калегамі з ЕЗ. Спіс абмежаванняў таксама ўключае санкцыі супраць бліжэйшага атачэння прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і расійскіх энергавытворцаў. Афіцыйныя асобы ЗША ў размове з журналістамі заявілі, што канчатковага рашэння аб тым, ці будуць ужытыя новыя санкцыі, пакуль не прынята. Па дадзеных крыніц, адміністрацыя прэзідэнта краіны Джо Байдэна вядзе перамовы з еўрапейскімі краінамі, каб скаардынаваць дзеянні.

Еўропа застанецца без святла

Аўстрыя рыхтуе сваё насельніцтва да адключэння электраэнергіі. «Міністр абароны Аўстрыі Клаўдыя Танер настойліва рэкамендуе ўсім грамадзянам краіны зрабіць запас прадуктаў працяглага захоўвання, такіх як макароны, рыс, кансервы, два літры вады на чалавека ў дзень, а таксама яшчэ і свечкі, ліхтарыкі, партатыўную газавую пліту і грошы. Узброеныя сілы Аўстрыі ўзмоцнена рыхтуюцца да маштабнага адключэння электраэнергіі на нявызначаны час», – паведамляе іспанская газета La Razon, заклікаючы і сваіх чытачоў прыслухацца да заяў міністра абароны Аўстрыі. Кіраўнік Мінабароны Аўстрыі расказала аб тым, што ўяўляе цяпер рэальную небяспеку, якая поўнасцю ігнаруецца грамадствам. «Пытанне не ў тым, ці будзе вялікае адключэнне электраэнергіі, а ў тым, калі менавіта яно здарыцца»,- упэўнена Клаўдыя Танэр. Па яе рэкамендацыі ўрад Аўстрыі праводзіць інфармацыйную кампанію – тысячы плакатаў і сотні матэрыялаў у СМІ раскажуць, як падрыхтавацца да тэхнічнага катаклізму з адключэннем электраэнергіі. Кампанія праводзіцца пад дэвізам „Што рабіць, калі ўсё спыніцца”, адзначае выданне. Акрамя плакатаў і матэрыялаў у СМІ ўжо выдадзены даведнік з практычнымі парадамі аб тым, што неабходна мець дома на выпадак непрадбачаных сітуацый і што рабіць, калі ўсё перастане працаваць. La Razon тлумачыць, чаму да парад Міністэрства абароны Аўстрыі варта прыслухацца: яшчэ ў 2017 годзе гэтае ведамства прадказала пагрозы на бліжэйшае дзесяцігоддзе, падкрэсліўшы, што ў хуткім часе свет і Еўропа ў прыватнасці сутыкнуцца з пагрозай пандэміі, якая можа абрынуць сусветную эканоміку.

У Францыі адкрылі дом састарэлых для сланоў

Першы ў Еўропе дом састарэлых для сланоў адкрыўся ў Францыі. На тэрыторыі плошчай 28 гектараў прытулак знойдуць сланы, якія раней выступалі ў цырках, піша „Еўра пульс”. Першым пастаяльцам дома стаў 52-гадовы слон Гандзі з цырка ў Антвэрпэне. Дом для сланоў адкрылі ў Верхняй В’ене, раёне ў цэнтральнай частцы Францыі. Клімат у гэтым рэгіёне ідэальны для сланоў – не занадта горача і не занадта холадна. Дом састарэлых будзе адкрыты для невялікіх груп наведвальнікаў, напрыклад, школьных класаў. Аднак на жывёл можна будзе глядзець толькі здалёку, каб не парушаць іх спакой. Цыркі па ўсім свеце адмаўляюцца ад шоу з дзікімі жывёламі. У Францыі будуць забаронены выступы сланоў у цырках з 2023 года. Таму такой жывёле спатрэбяцца новыя дамы ўжо ў бліжэйшыя гады. Слановій дом састарэлых зможа прыняць да 10 пастаяльцаў. Заснавальнікі дома — два бельгійскія ветэрынары Сафія і Тоні Гетгебер, былыя захавальнікі заапарка Анверс у Бельгіі. Праект фінансавалі за кошт ахвяраванняў.

Беларускае Радыё Рацыя