Еўразвяз асудзіў новыя смяротныя прысуды ў Беларусі



ЕЗ заклікае Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне як першы крок да яго поўнай адмены, гаворыцца ў заяве Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, зробленай пасля вынясення ў Беларусі двух новых смяротных прысудаў.

Еўразвяз зноў заяўляе, што рашуча выступае супраць прымянення смяротнага пакарання пры любых абставінах.

„Смяротнае пакаранне парушае неад’емнае права на жыццё, замацаванае Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, і з’яўляецца ў найвышэйшай ступені жорсткім, бесчалавечным і прыніжальным годнасць пакараннем. Смяротнае пакаранне таксама не можа служыць фактарам стрымлівання для злачыннасці. Памылкі правасуддзя незваротныя”, — падкрэсліваецца ў заяве.

10 студзеня калегія Магілёўскага абласнога суда прыгаварыла двух жыхароў Чэрыкава — 21-гадовага Ілью і 19-гадовага Станіслава Косцевых — да смяротнага пакарання. Браты прызнаныя вінаватымі ў забойстве 47-гадовай настаўніцы.

Забойства было здзейсненае ў красавіку 2019 года. Згодна са звесткамі следства, паміж абвінавачанымі і суседкай, настаўніцай у іх школе, здарыўся канфлікт. Нагодай стала тое, што суседка заявіла праваахоўнікам аб неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў сястрой абвінавачаных, якая знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіця. З-за гэтага сям’ю паставілі на прафілактычны ўлік сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Пасля застолля дома п’яныя браты пайшлі да сваёй былой настаўніцы, каб „разабрацца”. Яны яе забілі, выкралі камп’ютар і прадукты харчавання, а затым, з мэтай схаваць сляды злачынства, падпалілі дом. Згодна са звесткамі следства, жанчыне было нанесена больш за 140 удараў нажом.

Гэтую крымінальную справу згадаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскай радыёстанцыі „Эхо Москвы”. „У нас на кантролі прэзідэнта ёсць грамадска значныя справы, — сказаў ён. — Учора мне дакладваў старшыня Вярхоўнага суда аб разглядзе гэтых спраў. Вось адна з іх: два падонкі, інакш іх не назавеш — ужо і разбоі былі, і каралі іх, — забілі сваю настаўніцу. За тое, што яна абараніла дваіх дзетак іх сястры. Сястра — ніякая, асацыяльны элемент, а настаўніца абараніла іх і запатрабавала забраць з сям’і. Яны яе рэзалі ўсю ноч, яны забівалі яе ўсю ноч. Яна маліла, прасіла, і у рэшце рэшт яны яе пад раніцу дабілі. Як вам?”

Беларусь застаецца адзінай у Еўропе і СНД краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да найвышэйшай меры пакарання, памілаваны — адзін чалавек.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 2019 годзе былі пакараныя як мінімум два чалавекі. У чэрвені стала вядома пра расстрэл Аляксандра Жыльнікава, якога разам з Вячаславам Сухаркам прызналі вінаватым у забойстве трох чалавек у Мінску і Калодзішчах. Пра лёс Сухаркі праваабаронцам дакладна невядома, аднак яны схіляюцца да таго, што прысуд у дачыненні да яго таксама можа быць выкананы. 17 снежня быў прыведзены ў выкананне смяротны прысуд у дачыненні да Аляксандра Асіповіча, якога суд прызнаў вінаватым у забойстве дзвюх дзяўчат у Бабруйску.

Летась акрамя прысуду Асіповічу былі вынесеныя яшчэ два смяротныя прысуды. 48-гадовы Віктар Сергель прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання за групавое забойства васьмімесячнай дзяўчынкі ў Лунінцы, 50-гадовы Віктар Паўлаў — за забойства дзвюх пажылых сясцёр у Віцебскай вобласці. Прысуд Сергелю не з’яўляецца канчатковым і можа быць абскарджаны, прысуд Паўлаву Вярхоўны суд пакінуў у сіле.

belapan.by