Еўразвяз асудзіў рашэнне аб прызнанні сайта тэлеканала „Белсат” экстрэмісцкімі



Еўрапейскі звяз асуджае судовае рашэнне, згодна з якім сайт і старонкі ў сацсетках тэлеканала „Белсат” прызнаныя экстрэмісцкімі, заявіла прэс-сакратар ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Набіла Масралі.

„Гэта яшчэ адна спроба ўціску рэжымам Лукашэнкі свабоды выказванняў і свабоды інфармацыі, спроба прымусіць да маўчання ўсе незалежныя галасы”, — сказала яна.

27 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі „інфармацыйны рэсурс у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт з назвай БЕЛСАТ tv BELSAT”. Пастанову суда апублікавала ў сваім тэлеграм-канале прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава.

Экстрэмісцкімі матэрыяламі прызнаныя сайт „Белсата”, тэлеграм-канал, старонкі ў сацыяльных сетках „Фэйсбук”, „УКантакце” і „Інстаграм”.

„Распаўсюджванне (рэпост) інфармацыі з экстрэмісцкіх крыніц цягне адміністрацыйную адказнасць з пакараннем у выглядзе штрафу або арышту”, — падкрэсліла Чамаданава.

Беларускае Радыё Рацыя