Еўразвяз чакае, што ўсе палітвязні ў Беларусі будуць вызваленыя



Кіраўнік Прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Дзірк Шубель пракаментаваў адносіны Бруселя і афіцыйнага Менска. «Мы гатовыя ісці далей, але ёсць адно вялікае але. Гэта сітуацыя з нагоды правоў чалавека і дэмакратыі ў вашай краіне, асабліва ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў. Мы ясна патлумачылі, што мы чакаем ад кіраўніцтва краіны», – сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўразвязу. Яго словы прыводзяць naviny.by.

Ён нагадаў пра сумесную заяву паслоў Еўразвязу, ЗША і Вялікабрытаніі ад 2 чэрвеня.

«На жаль, не было рэакцыі, як мы чакалі. Нам было неабходна рэагаваць зноў, і 19 чэрвеня была заява спадара Барэля (вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жозеп Барэль. – заўв.) Пасля затрымання Віктара Бабарыкі. Таксама была вялікая дыскусія ў Еўрапарламенце на мінулым тыдні. Мы чакаем, што тыя, хто цяпер па палітычных матывах арыштаваныя і знаходзяцца ў турме, будуць неадкладна вызваленыя, каб выбары прайшлі без праблем, аб’ектыўна, каб кандыдатамі ў прэзідэнты сталі тыя, хто сабраў больш за 100 тысяч подпісаў», – сказаў Шубель.

Ён таксама адзначыў, што АБСЕ чакае запрашэння для назірання за выбарамі. «Спадзяемся, што будзе неадкладнае запрашэнне, таму што часу мала. Калі краіна хоча, каб выбары былі абʼектыўнымі і было добрае назіранне, то часу [для запрашэння] вельмі мала», – лічыць кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелТА