Еўразвяз гатовы прыняць новыя санкцыі супраць Беларусі
Еўразвяз гатовы прыняць новыя санкцыі супраць Беларусі, калі гуманітарны крызіс на мяжы не вырашыцца.
Пра гэта гаворыцца ў заяве па выніках саміту Еўразвязу. Яго цытуе ТАСС.
Напярэдадні адбыўся апошні ў гэтым годзе саміт кіраўнікоў краін Еўразвязу. Удзельнікі сустрэчы асудзілі дзеянні Менска па „інструменталізацыі мігрантаў і бежанцаў”, якія прывялі да ўтварэння гуманітарнага крызісу на мяжы Беларусі з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
„Еўрапейскі савет падкрэсліў важнасць хутчэйшай рэалізацыі забаронных мер пасля зацвярджэння пятага санкцыйнага спісу і заявіў аб гатовасці прыняць новыя санкцыі ў выпадку неабходнасці”, — гаворыцца ў заяве.
У заяве таксама адзначаецца, што Беларусь павінна забяспечыць бесперашкодны доступ міжнародных арганізацый на мяжу для пашырэння гуманітарнай падтрымкі мігрантаў, а таксама паспрыяць вяртанню мігрантаў на радзіму.
Беларускае Радыё Рацыя