Еўразвяз і НАТА не дадуць Украіне вайсковай дапамогі



Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Фінляндыі Аляксандр Стуб. Ён сказаў, што адказаць на просьбу міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна пра ваенную дапамогу немагчыма.

«Гэта немагчыма ні з боку НАТА, бо Альянс аказвае вайсковую дапамогу толькі сваім сябрам, і гэта добра вядома, ні з боку Еўразвязу, якому не хапае магутнасцяў, каб забяспечыць такую падтрымку», – сказаў фінскі міністр.

Тым часам стала вядома, што ўжо ў пачатку верасня прэзідэнт Украіны едзе на саміт НАТА. Пра гэта паведаміў віцэ-старшыня Еўрапейскага парламента Рышард Чарнэцкі:

–      У пачатку верасня прэзідэнт Украіны Парашэнка едзе на саміт НАТА. Украіна абрала еўрапейскі кірунак, арыентуецца на Еўразвяз і НАТА. Сёлета Украіна будзе браць удзел на паседжанні НАТА, хоць год таму пра гэта нельга было нават падумаць. Сітуацыя вельмі сур’ёзная. Для мяне пахне вайной, а не проста мілітарнай агрэсіяй з боку Расеі ў дачыненні да Украіны.

На мінулым тыдні міністр замежных справаў Украіны Павал Клімкін звярнуўся да ЕЗ і НАТА за вайсковай дапамогай для сваёй краіны.

Паводле Клімкіна, зараз патрэбна не толькі палітычная падтрымка, але і вайсковая.

Міністр падкрэсліў, што пра ўступленне Украіны ў НАТА пакуль гаворкі не вядзецца.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vz.ua