Еўразвяз магчыма здыме санкцыі з Беларусі
Краіны Еўразвязу дамовіліся пра зняццё санкцый з беларускіх чыноўнікаў. Гэта неафіцыйная інфармацыя.
“Зняццё будзе суправаджацца ўмовамі”, — пра гэта напісаў блог B2 — Bruxelles2, які адсочвае пытанні замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Еўразвязу.
Афіцыйнай інфармацыі пра гэта пакуль няма. Раней паведамлялася, што санкцыі могуць быць прыпыненыя з 31-га кастрычніка, пры ўмове што ў час прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і пасля іх не адбудзецца рэпрэсій ды іншых парушэнняў правоў чалавека і міжнародных нормаў.
Як мяркуецца, у сіле застанецца эмбарга на пастаўку зброі ў Беларусь, а таксама санкцыі ў дачыненні да службовых асобаў, якія, на думку Еўразвязу, могуць быць датычныя да знікненняў людзей у Беларусі.