Еўразвяз не ўключыць Лукашэнку ў санкцыйны спіс
Лукашэнка не будзе ўключаны ў санкцыйны спіс Еўразвязу. Найперш з-за пазіцыі Германіі, а таксама Францыі і Італіі. Пра гэта ў пятніцу паведаміла газета Die Welt са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Берлін, Парыж і Рым заявілі, што „нягледзячы на ўсе абставіны, каналы сувязі з Лукашэнкам трэба трымаць адкрытымі”, паколькі, на іх думку, уключэнне яго ў чорны спіс будзе азначаць поўнае спыненне дыялогу з Менскам. За ўвядзенне абмежавальных мераў супраць Лукашэнкі выступалі найперш краіны Балтыі і ЗША.
У сярэдзіне жніўня стала ведама, што ў звязку з акцыямі пратэсту ў Беларусі Еўразвяз разглядае спіс з 15-20 чыноўнікаў Беларусі, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю супольнасці і доступ да еўрапейскай банкаўскай сістэмы.
Санкцыі ЕЗ супраць дзяржавы Беларусь за парушэнне правоў чалавека дзеілі з 2004-га па 2016-ы год, у розныя гады чорны спіс пашыраўся і скарачаўся, найбольш у ім было 130 чалавек. У верасні 2008 года Еўразвяз замарозіў санкцыі, аднак аднавіў іх дзеянне і нават узмацніў пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.
Беларускае Радыё Рацыя