Еўразвяз падоўжыць санкцыі супраць Расеі
13 снежня эканамічныя санкцыі Еўразвяза супраць Расеі будуць падоўжаныя на чарговыя шэсць месяцаў. Згаданае рашэнне будзе прынятае падчас першага дня саміту ЕЗ у Бруселі.
Паводле аднаго з еўрапейскіх дыпламатаў, з якім размаўляў карэспандэнт Польскага радыё, ні адна краіна не была супраць падаўжэння дзейных абмежавальных мераў супраць Расеі.
„Пасля захопу Расеяй украінскіх караблёў ні адна краіна не асмелілася выступіць супраць”, – сказаў суразмоўца Польскага радыё.
Ужо раней неафіцыйна гаворка ішла пра магчымасць падаўжэння дзейных санкцый, уведзеных супраць Расеі, між іншым, за анэксію Крыма. Асобным пытаннем з’яўляецца магчымасць увядзення дадатковых абмежавальных мераў за захоп украінскіх караблёў у Азоўскім моры. На гэта, паводле карэспандэнта Польскага радыё, пакуль сярод дзяржаў-чальцоў ЕЗ адзінагалосная згода адсутнічае.