Еўразвяз падвышае кошт Шэнгенскіх віз да 80 еўра
Еўразвяз прыняў рашэнне падвысіць кошт Шэнгенскіх віз з 60 да 80 еўра. Адпаведнае пагадненне Савет Еўропы зацвердзіў сёння, 20 лютага.
ЕЗ абнаўляе свае візавыя правілы, каб палепшыць умовы для законных падарожнікаў і пашырыць інструменты, даступныя для вырашэння праблем, звязаных з нелегальнай міграцыяй, гаворыцца ў дакуменце.
Новыя правілы дазваляюць падаваць заяўку на атрыманне візы за 6 месяцаў і не пазней, чым за 15 дзён да паездкі, забяспечваюць магчымасць запаўнення і падпісання заяўкі ў электронным выглядзе, уводзяць узгоднены падыход да выдачы шматразовых віз пастаянным падарожнікам са станоўчай гісторыяй віз на перыяд, які паступова павялічваецца ад 1 да 5 гадоў.
Каб дзяржавы-члены маглі лепш пакрываць выдаткі на афармленне візы, не ствараючы перашкод для заяўнікаў, візавы збор будзе павялічаны да 80 еўра. Перагляд сумы візавага збору будзе адбывацца кожныя тры гады.