Еўразвяз павялічыў падтрымку СМІ ў краінах Усходняга партнёрства



Еўрапейскі звяз павялічыў падтрымку для СМІ і грамадзянскай супольнасці ў краінах Усходняга партнёрства ў перыяд крызісу з-за пандэміі COVID-19, паведаміла намеснік генеральнага дырэктара дэпартамента Еўрапейскай камісіі па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Катарына Мацернава 29 красавіка падчас анлайн-брыфінгу.

„Мы лічым, што роля і медыя, і грамадзянскай супольнасці надзвычай важная падчас гэтага крызісу, бо яны пільна сочаць за дзеяннямі ўладаў, — сказала Мацернава. — Яны таксама патрэбныя для таго, каб дапамагаць у распаўсюджванні праўдзівых фактаў і інфармацыі аб сітуацыі”.

У сваю чаргу выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду за дэмакратыю Ежы Памяноўскі адзначыў, што сітуацыя, у тым ліку з інфармаваннем, адрозніваецца ў кожнай краіне Усходняга партнёрства. „Розныя сітуацыі ў Грузіі і Украіне, напрыклад, — сказаў ён. — І, вядома, вельмі адрозніваецца сітуацыя ў Беларусі, дзе многія тыдні кіраўніцтва краіны адмаўляла каронавірус наогул. І тыя звесткі, якія ўрад падае, не выклікаюць даверу”.

У цэлым, падкрэсліў Памяноўскі, незалежныя СМІ ў рэгіёне Усходняга партнёрства заўсёды працавалі ў няпростых умовах, але „пандэмія драматычна ўскладніла іх працу”. Паводле яго слоў, з вялікімі рызыкамі цяпер сутыкнуліся тыя незалежныя СМІ, якія існуюць за кошт даходаў ад рэкламы. „Тыя паспяховыя медыя, якія змаглі пабудаваць такую бізнес-мадэль, што дазваляла ім быць менш залежнымі ад донарскай дапамогі, цяпер найбольш пацярпелыя, найбольш уразлівыя, — сказаў Памяноўскі. — Гэта нейкі парадокс: тыя, хто не меў патрэбу ў донарскай падтрымцы некалькі месяцаў таму, цяпер у большай нястачы, чым тыя, хто карыстаўся падтрымкай донараў і цяпер у большай фінансавай бяспецы ў найбліжэйшыя месяцы”.

Пры гэтым Памяноўскі адзначыў, што незалежныя медыя, з якімі супрацоўнічае фонд, паведамляюць пра рост аўдыторыі ў перыяд крызісу з-за каронавіруса. „Гэта сведчыць аб тым, што грамадству патрэбныя надзейныя крыніцы інфармацыі, — сказаў ён. — У многіх краінах Усходняга партнёрства дзяржаўныя медыя людзі не лічаць вартай даверу крыніцай інфармацыі. У такі момант незалежныя СМІ вельмі запатрабаваныя, але, на жаль, гэта не заўсёды прыносіць медыя дадатковы даход ад рэкламы”.

Выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду за дэмакратыю падкрэсліў, што эканамічны крызіс з-за пандэміі каронавіруса „яшчэ больш зменшыць даходы і яшчэ больш пагоршыць становішча незалежных СМІ”.

„Мы працягваем падтрымліваць медыя і грамадзянскую супольнасць, імкнемся хутка рэагаваць і гнутка падыходзім да працы з нашымі партнёрамі, — сказаў Памяноўскі. — Нашы партнёры з медыя і грамадзянскай супольнасці адчуваюць сябе цалкам у бяспецы адносна сваёй працы. Але відавочна, што нашы рэсурсы таксама абмежаваныя, таму мы не можам задавальняць усе запыты, якія атрымліваем”.

belapan.by