Еўразвяз выдзеліць Беларусі 60 млн еўра на змаганне з каронавірусам
Еўразвяз плануе выдзеліць Беларусі 60 млн еўра на барацьбу з каронавірусам у рамках дапамогі для краін Усходняга партнёрства, гаворыцца ў матэрыялах Еўракамісіі.
Дапамога Беларусі будзе аказаная ў межах глабальнай праграмы падтрымкі ўдзельнікаў Усходняга партнёрства, сярод якіх Арменія, Азербайджан, Грузія, Малдова і Украіна.
Усяго на аказанне дапамогі краінам Усходняга партнёрства Еўразвяз выдзеліць 963 млн еўра. У рамках гэтай праграмы Еўракамісія плануе накіраваць 80 млн еўра на неадкладныя патрэбы і да 883 млн – на сярэдне- і доўгатэрміновыя патрэбы па падтрымцы сацыяльнага і эканамічнага аднаўлення рэгіёну пасля пандэміі.
Кожная з краін Усходняга партнёрства атрымае пэўны аб’ём дапамогі. Беларусі плануецца выдзеліць больш за 60 млн еўра на неадкладныя і сярэднетэрміновыя патрэбы, напрыклад, на закупку аўтамабіляў хуткай дапамогі і рэспіратараў, а таксама на трансгранічныя праекты.
У межах гэтай праграмы дапамогі Арменіі вылучаецца 92 млн еўра, Азербайджану – 14 млн, Грузіі – 183 млн, Малдове – 87 млн, Украіне – 190 млн еўра.
Варта зазначыць, што Беларусь таксама звярнулася да Еўразвязу з просьбай аб выдзяленні макрафінансавай дапамогі для змякчэння наступстваў пандэміі COVID-19. 3 красавіка адбыліся перамовы міністра фінансаў Максіма Ермаловіча з еўракамісарам па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і пашырэння перамоваў Оліверам Вархелі.
Як паведамляў беларускі Мінфін, акрамя падыходаў ЕЗ у аказанні дапамогі краінам Усходняга партнёрства з мэтай змякчэння ўздзеяння наступстваў пандэміі COVID-19 абмеркаваная таксама магчымасць атрымання ад Еўразвязу макрафінансавай дапамогі ў дадатак да крэдытных рэсурсаў Міжнароднага валютнага фонду, якія могуць быць вылучаныя ў межах «інструментаў хуткага фінансавання».