Еўразвяз узмацняе прамую падтрымку народа Беларусі



Сёння Еўрапейская камісія прыняла рашэнне пра выдзяленне пакета дапамогі ў памеры 24 мільёнаў еўра, які прынясе прамую карысць беларускаму народу, у прыватнасці грамадзянскай супольнасці, моладзі, малым і сярэднім прадпрыемствам, а таксама палепшыць магчымасці аховы здароўя, паведамляецца на сайце Прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

Камісар па палітыцы суседства і перамовам аб пашырэнні Олівер Вархеі сказаў: «Велізарная мужнасць беларускага народа, які мірна мабілізаваўся на абарону сваіх дэмакратычных правоў і правоў чалавека, з’яўляецца крыніцай натхнення для ўсіх нас. Гэтым толькі што прынятым пакетам падтрымкі ЕЗ дае зразумець, што стаіць на баку народа Беларусі і выконвае ўзятае на сябе абавязацельства па ўзмацненні падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Мы таксама гатовыя падтрымаць дэмакратычны і мірны пераход у краіне з усімі наяўнымі ў нашым распараджэнні інструментамі».

Новая праграма дапамогі «EU4Belarus: салідарнасць з народам Беларусі» будзе сканцэнтравана на чатырох ключавых галінах:

– Падтрымка грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, у прыватнасці мясцовых супольнасцей і ініцыятыў груп грамадзян; – Падтрымка моладзі, у тым ліку праз стыпендыяльную праграму для студэнтаў і маладых спецыялістаў, якія пацярпелі ад палітычнага крызісу; – Кансультатыўная падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў (МСП) у мэтах павышэння ўстойлівасці ва ўмовах цяперашняга эканамічнага спаду. – Павелічэнне ўстойлівасці аховы здароўя за кошт узмацнення патэнцыялу беларускага грамадства для рэагавання на пандэмію COVID-19, якая ўсё яшчэ працягваецца.

Гэтая праграма з’яўляецца часткай пакета падтрымкі на суму 53 мільёны еўра, пра які было абвешчана ў жніўні Старшынёй Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен і які ўключае ў сябе надзвычайную дапамогу ЕЗ у памеры 3,7 мільёна еўра, неадкладна выдзеленую для ахвяр рэпрэсій і для незалежных СМІ пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся ў жніўні. Вядзецца падрыхтоўка да выдзялення далейшай дапамогі, на суму 6 мільёнаў еўра, для палягчэння доступу МСП да фінансавання.

***** Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і жорсткай рэакцыі ўладаў, ЕЗ аказвае падтрымку рэалізацыі законных дэмакратычныя правоў беларускага народа. У сваіх Заключэннях па Беларусі ад 12 кастрычніка Савет ЕЗ асудзіў гвалт, які ўжываецца беларускімі ўладамі супраць мірных пратэстуючых, і заклікаў да дэмакратычнага ўрэгуляванні крызісу шляхам правядзення ўсёабдымнага нацыянальнага дыялогу з шырокай грамадскасцю. У дадзеным кантэксце Савет абвясціў аб пераглядзе адносін ЕЗ з Беларуссю, у тым ліку аб скарачэнні двухбаковага супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі на цэнтральным узроўні і ўзмацненні падтрымкі ЕЗ беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці. Прыняцце сёння пакета дапамогі з’яўляецца выкананнем часткі абавязацельстваў ЕЗ па павелічэнні і перанакіраванні падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

У дадатак да прыняцця сёння пакета падтрымкі Еўрапейская камісія прасоўваецца ў падрыхтоўцы ўсёабдымнага плана эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі ў адпаведнасці са сваім абавязацельствам падтрымліваць мірны дэмакратычны пераход у краіне. Калі такі пераход адбудзецца і па запыце беларускага ўрада, ЕЗ гатовы выкарыстоўваць розныя інструменты ў адпаведнасці з палітыкай Усходняга партнёрства для суправаджэння дэмакратычнага пераходу.