Еўразвяз выдзеліць мільёны еўра на беларуска-ўкраінскую прымежную супрацу
Еўразвяз выдзеліць больш за 3 млн еўра на праекты ў сферы беларуска-ўкраінскага прыгранічнага супрацоўніцтва. Цырымонія падпісання грантавых кантрактаў у рамках праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Беларусь — Украіна прайшла 29 лістапада ў Кіеве.
Як паведаміла прэс-служба праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства, 18 адабраных праектаў накіраваныя на паляпшэнне ўмоў жыцця мясцовых суполак, вырашэнне праблем навакольнага асяроддзя, занятасці, аховы здароўя, падтрымку культурных, адукацыйных і спартыўных ініцыятыў у Беларусі і ва Украіне. На рэалізацыю беларускай часткі праектаў будзе выдаткавана каля 1,5 млн еўра.
„Гэта доўгачаканая падзея для абедзвюх краін, — заявіла ў ходзе цырымоніі дырэктар дэпартамента дзяржаўных інвестыцыйных праектаў і падтрымкі развіцця Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны Аксана Грышкевіч. — Рэгіёны развіваюць палітычнае і эканамічнае супрацоўніцтва з суседзямі, абапіраючыся на агульныя інтарэсы і на самастойна распрацаваныя праграмы і канцэпцыі. Спадзяемся, гэта значна ўмацуе прыгранічныя сувязі”.
У сваю чаргу выканаўчы дырэктар Цэнтра міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕЗ у Беларусі Дзіна Ганчарова адзначыла: „Сённяшняя падзея з’яўляецца найважнейшым і асноватворным этапам як у працэсе рэалізацыі праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва Украіна — Беларусь, так і ў жыццёвым цыкле саміх праектаў. Удзел прадстаўнікоў цэнтральных і рэгіянальных органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі і Украіны, а таксама прадстаўнікоў міжнародных структур і сродкаў масавай інфармацыі сведчыць пра важнасць, адкрытасць і высокі ўзровень узаемаадносін паміж усімі ўдзельнікамі праграмы”.
З 27 лістапада па 1 снежня ў Кіеве праходзяць таксама ўступныя трэнінгі для пераможцаў конкурсных праектаў. Удзельнікі атрымліваюць базавыя веды і практычныя навыкі, неабходныя для якаснага выканання грантавых кантрактаў.
Мэтай праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства з’яўляецца стварэнне спрыяльных умоў для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва з улікам спецыфікі кожнай тэрыторыі. Праграма накіравана на развіццё здольнасці дзяржаўных і недзяржаўных органаў суседніх краін разам распрацоўваць і ўкараняць сумесныя прыгранічныя праекты. БелаПАН