Еўразвяз: Выкарыстанне мігрантаў у палітычных мэтах абсалютна недапушчальнае



Выкарыстанне мігрантаў і бежанцаў у палітычных мэтах абсалютна недапушчальнае, гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка Еўразвязу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля ад 30 ліпеня.

„Выкарыстанне людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, для дасягнення палітычных мэтаў парушае фундаментальныя еўрапейскія каштоўнасці і прынцыпы, — падкрэсліў ён. — ЕЗ і яго дзяржавы-члены асуджаюць выкарыстанне мігрантаў і бежанцаў рэжымам Беларусі”.

Паводле слоў Барэля, Еўразвяз працягне змагацца з усплёскам нелегальнай міграцыі з боку Беларусі, каб захаваць цэласнасць сваёй знешняй мяжы. Ён паведаміў, што ЕЗ „разгледзіць магчымасць прыняцця абмежавальных мер у дачыненні да асоб, якія займаюцца незаконным увозам мігрантаў, ці тых, хто іншым чынам уцягнутыя ў гандаль людзьмі”.

„Еўразвяз і яго дзяржавы-члены па-ранейшаму поўныя рашучасці эфектыўна кіраваць міграцыйнымі патокамі для аховы знешніх межаў, — адзначыў Барэль. — Людзі, якія не маюць права знаходзіцца ў ЕЗ, павінны быць вернутыя. У гэтым кантэксце ЕЗ і дзяржавы-члены прымуць усе неабходныя меры ў адпаведнасці з заканадаўствам ЕЗ і міжнародным правам”.

Барэль нагадаў, што Еўрапейскі звяз і яго ўдзельнікі ўжо ўзмацнілі знешнюю ахову межаў на беларускім кірунку і гатовыя ўзмацніць яе яшчэ больш. „Дзяржавы-члены аператыўна акажуць падтрымку, неабходную для забеспячэння неадкладнага разгортвання адпаведных груп і сродкаў, — заявіў ён. — Мы працягнем рэалізацыю сваёй знешняй міграцыйнай палітыкі. Мы будзем працаваць над далейшым умацаваннем патэнцыялу ЕЗ па вяртанні мігрантаў у межах комплекснага падыходу, у тым ліку шляхам дыялогу і партнёрства з краінамі паходжання і транзіту”.

З пачатку 2021 года літоўскія памежнікі перахапілі 3.282 мігрантаў — у 40,5 разы больш, чым за ўвесь 2020-ты (81).

У студзені 2021 года на мяжы з Беларуссю яны затрымалі 20 чалавек, у лютым — 13, сакавіку — 8, красавіку — 70, маі — 77, чэрвені — 473, з пачатку ліпеня — 2.621. Сутачны рэкорд — 171 (28 ліпеня).

Сярод затрыманых (на 29 ліпеня) — грамадзяне Ірака (2.111), Конга (191), Камеруна (129), Гвінеі (78), Ірана (81), Афганістана (77), Расеі (89), Сірыі (89) і іншых краін, а таксама асобы без дакументаў.

З-за рэзкага павелічэння колькасці нелегальных мігрантаў урад Літвы 2 ліпеня абвясціў надзвычайнае становішча на нацыянальным узроўні. Кіраўніцтва краіны неаднаразова наўпрост абвінавачвала ўлады Беларусі ў садзейнічанні росту нелегальнай міграцыі. Да аховы мяжы прыцягнулі сілы іншых літоўскіх ведамстваў, войска, дапамогу аказваюць прадстаўнікі Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex) і памежнікі Эстоніі.

9 ліпеня Літва пачала будаваць на мяжы загароду з калючага дроту, які з-за недахопу ўлады пачалі шукаць за мяжой (на просьбу аб дапамозе адгукнуліся Эстонія і Украіна). Паралельна ўзводзіцца плот.

Літва просіць склікаць пазачарговае пасяджэнне Савета юстыцыі і ўнутраных спраў Еўразвязу ў сувязі з сітуацыяй на мяжы. З адпаведным зваротам да міністра ўнутраных спраў Славеніі, якая старшынюе ў савеце, 29 ліпеня выступіла кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайце.

Паводле яе слоў, прайшло ўсяго два тыдні з моманту апошняй сустрэчы міністраў унутраных спраў краін ЕЗ, на якой яна падрабязна праінфармавала калег аб сітуацыі, і за гэты час колькасць нелегальных мігрантаў амаль падвоілася. „Гэтая сітуацыя патрабуе неадкладных дзеянняў і рашэнняў. Літва ўжо прыклала намаганні і зробіць яшчэ больш, каб справіцца з крызісам нелегальнай міграцыі”, — сказала міністр, якую цытуе прэс-служба МУС.

У пасланні славенскаму калегу Білатайце заявіла пра неабходнасць канкрэтнай палітычнай, фінансавай і экспертнай падтрымкі, каб спыніць паток нелегальнай міграцыі і прадухіліць транзіт нелегалаў цераз Літву ў іншыя краіны Еўразвязу.

БелаПАН