Еўразвяз заклікаў зняць абвінавачанні з Ціханоўскага і актывістаў



Еўрапейскі звяз заклікае беларускія ўлады зняць абвінавачанні з Сяргея Ціханоўскага і іншых актывістаў і неадкладна іх вызваліць. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Пітэр Стана, яго каментар апублікаваны ў «Фэйсбуку» прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі.

«Мы прынялі да ведама паведамленні аб тым, што абвінавачанні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства выстаўленыя Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ некалькім актывістам, – сказаў Стана. – З улікам адвольнага характару затрымання і крымінальнага пераследу Сяргея Ціханоўскага ЕЗ па-ранейшаму заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага і зняцця ўсіх абвінавачанняў, выстаўленых супраць яго і іншых актывістаў. Безумоўна, гэта тычыцца таксама іншых абвінавачаных і затрыманых актывістаў».

Прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў таксама адзначыў, што леташняя парламенцкая кампанія стала для беларускага кіраўніцтва «страчанай магчымасцю правесці выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі».

Падчас прэзідэнцкай гонкі 2020 года ўлады краіны «стаяць перад фундаментальным выбарам», таму што характар правядзення гэтай кампаніі «будзе мець вырашальны ўплыў на далейшае развіццё адносін ЕС і Беларусі».

«Надзвычай важна, каб асноўныя правы і свабоды грамадзян Беларусі былі ў поўнай ступені захаваныя і каб улады забяспечылі поўнае выкананне ўмоў для сапраўднай палітычнай канкурэнцыі. Такія крокі спрыялі б дэмакратычнаму развіццю Беларусі», – падкрэсліў Стана.

9 чэрвеня Следчы камітэт паведаміў, што Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Згодна са звесткамі следства, 29 мая падчас пікета па зборы подпісаў у Гродне «было арганізаванае правядзенне незаконнага грамадскага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога здзейсненыя групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням міліцыі». У выніку гэтых дзеянняў пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

Як адзначае СК, падчас следчых дзеянняў, вывучэння відэазапісаў з месца пікетавання «ўстаноўленая яшчэ адна асоба, што выкарыстала гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт». У дачыненні да яе распачатая крымінальная справа.

З санкцыі пракуратуры да абвінавачаных прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Праводзяцца следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні. Прызначаныя судова-медыцынскія і іншыя экспертызы.

Санкцыя ч. 1 арт. 342 КК прадугледжвае штраф або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Аўтар youtube-канала «Краіна для жыцця» папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гародні, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Здарыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіла пра распачынанне крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. 4 чэрвеня падчас начнога вобшуку на лецішчы ў маці Ціханоўскага было знойдзена 900 тыс. долараў.

Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнем. У яго абарону выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да «максімальнай стрыманасці», а ЗША, ЕЗ і Вялікабрытанія – прыняць меры для «правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў».

У youtube-канала «Краіна для жыцця» 233 тыс. падпісчыкаў.

БелаПАН

Фота: www.aa.com.tr/ru