ЕЗ адрэагаваў на рэпрэсіі супраць незалежных СМІ Беларусі
Прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана адрэагаваў на сітуацыю з выданнем „Наша Ніва” і іншымі беларускімі незалежнымі СМІ.
„Рэпрэсіі супраць „Нашай Нівы” і іншых сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў сведчаць аб працягу рэпрэсій рэжыму ў дачыненні да незалежных галасоў і поўным ігнараванні не толькі свабоды выказвання поглядаў, але і ўласных абавязацельстваў у ААН і АБСЕ. Гэта непрымальна, сумна і павінна спыніцца”, — падкрэсліў ён у „Твітэры”.
Як паведамлялася, раніцай 8 ліпеня сайт „Нашай Нівы” перастаў адкрывацца. Міністэрства інфармацыі паведаміла, што прыняло рашэнне аб блакаванні сайта nn.by „на падставе паведамлення Генпракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”.
У рэдакцыі выдання, офісе бухгалтэрыі і дома ў супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Іх праводзілі супрацоўнікі розных упраўленняў органаў унутраных спраў, допыты праходзяць у Следчым камітэце.
„Як стала вядома, ператрус і допыты супрацоўнікаў „Нашай Нівы” праводзяцца па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), — паведаміў тэлеграм-канал „Нашай Нівы”. — Ператрусы адбыліся ў рэдакцыі выдання, офісе бухгалтэрыі, а таксама дома ў рэдактараў Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко і Андрэя Дынько, у бухгалтара Вольгі Раковіч”.
Усе яны затрыманыя на 72 гадзіны як падазраваныя па крымінальнай справе.
Фота: aa.com.tr