ЕЗ афіцыйна апублікаваў спіс асобаў і прадпрыемстваў з трэцяга пакета санкцый



Вечарам 17 снежня ў Афіцыйным часопісе ЕЗ апублікаваны спіс фізічных і юрыдычных асоб, якія трапілі ў трэці пакет санкцый у дачыненні да Беларусі.

У паведамленні прэс-службы Савета ЕЗ гаворыцца, што санкцыі прынятыя „ў адказ на жорсткасць беларускіх уладаў і ў падтрымку дэмакратычных правоў беларускага народа”. „Гэтыя санкцыі накіраваны супраць высокапастаўленых дзяржаўных асоб, адказных за працяг жорсткіх рэпрэсій і запалохванне мірных дэманстрантаў, прадстаўнікаў апазіцыі і журналістаў. Яны таксама нацэлены на эканамічных суб’ектаў, вядомых бізнесменаў і кампаніі, якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ці падтрымліваюць яго, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэтае рашэнне накіравана на тое, каб даць магутны сігнал адказным палітычным і эканамічным суб’ектам, што іх падтрымка рэжыму абыходзіцца ім дорага”.

Трэці пакет быў прыняты 17 снежня. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у Еўразвяз і замарожванне рахункаў як фізічных, так і юрыдычных асоб. Акрамя таго, рэзідэнтам ЕЗ прама або апасродкавана забаронена даваць доступ да фінансавых сродкаў і супрацоўнічаць з бізнесам, занесеным у санкцыйны спіс.

У санкцыйным спісе значацца ЗАТ „Белтэхэкспарт”, „Дана Холдынгз/Дана Астра”, галоўнае гаспадарчае ўпраўленне „Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, ТАА „Сінезіс”, ААТ „АГАТ — электрамеханічны завод”, ААТ „140-ы рамонтны завод” і ААТ „Мінскі завод колавых цягачоў”.

Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да віцэ-прэм’ера Анатоля Сівака, кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, памочніка прэзідэнта па Гродзенскай вобласці (былога міністра аховы здароўя) Уладзіміра Караніка, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай, міністра інфармацыі Ігара Луцкага і яго былога намесніка Паўла Лёгкага, генеральнага пракурора Андрэя Шведа, намесніка кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзя Богдана, бізнесменаў Аляксандра Шакуціна і Мікалая Вераб’я.

У спісе таксама значацца: першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Ігар Бурмістраў, старшы інспектар дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Арцём Дунько, начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Дзмітрый Кур’ян, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, намеснік начальніка аддзела па масавых мерапрыемствах ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Шумілін, намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Гродна Віталь Стасюкевіч, начальнік Савецкага РУУС Мінска Сяргей Каліннік і яго намеснік Віктар Станіслаўчык, начальнік Маладзечанскага РАУС Вадзім Прыгара.

У санкцыйны спіс уключаныя суддзі Аляксандр Петраш, Вікторыя Шабуня, Алена Жывіца, Андрэй Лагуновіч, Алена Някрасава, Марына Фёдарава, Алена Літвіна, Юлія Густыр, Наталля Дзядкова.

Першы пакет санкцый Еўрасаюз увёў у пачатку кастрычніка, уключыўшы туды 40 беларускіх грамадзян, якія маюць дачыненне, на думку Бруселя, да фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і да гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. У спіс трапілі члены Цэнтрвыбаркама, кіраўніцтва і супрацоўнікі сілавога блока.

Другі пакет санкцый ЕС быў прыняты 6 лістапада. У дадзены спіс уключаны Аляксандр Лукашэнка і яго старэйшы сын, памочнік па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, а таксама кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, старшыня КДБ Іван Церцель, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Волкаў (раней займаў пасаду першага намесніка кіраўніка СК), кіраўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра Андрэй Паўлючэнка, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, камандзір групы „Альфа” (спецназ) Сяргей Зубкоў, былы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.

Такім чынам, у санкцыйны спіс ЕС у гэтым годзе ўключаны 88 беларускіх грамадзян.

Варта адзначыць, што з 2006 года санкцыі ЕС дзейнічаюць у дачыненні да Уладзіміра Навумава, Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Дзмітрыя Паўлічэнкі. На думку ЕС, яны маюць дачыненне да знікненняў апанентаў улады ў 1999—2000 гадах.

29 верасня Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека, у тым ліку жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі ўключаюць забарону на ўезд гэтых асоб на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарозку іх актываў у гэтых краінах. 6 лістапада Канада абвясціла, што далучаецца да санкцый, якія ў дачыненні да Беларусі ўвёў Еўрасаюз.

Да санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі таксама далучылася Швейцарыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Украіна (падтрымала толькі першы пакет санкцый).

belapan.by