ЕЗ асудзіў выкананне ў Беларусі чарговых смяротных прысудаў



Еўразвяз „рашуча і бескампрамісна” выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах, гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч у сувязі з інфармацыяй аб пакаранні смерцю ў Беларусі Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова.

„Смяротнае пакаранне парушае неад’емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і ёсць жорсткім, бесчалавечным, зневажае годнасць, — адзначыла яна. — Ужыванне смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці ўзаемадзейнічаць па гэтым пытанні з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрапейскім звязам”.

Качыянчыч таксама дадала: „Рэальныя крокі, зробленыя Беларуссю для выканання правоў чалавека, у тым ліку ў пытанні смяротнага пакарання, застаюцца ключавым момантам для фарміравання будучай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі”.

Новыя пакарання ў Беларусі раней асудзілі праваабарончая арганізацыя „Міжнародная амністыя” і афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара Рады Еўропы Даніэль Хольтген.

27 і 28 лістапада праваабаронцам стала вядома пра пакаранне двух фігурантаў справы „чорных рыэлтараў” — Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова. Дакладная дата пакаранняў смерцю невядомая.

21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прызнаў фігурантаў справы „чорных рыэлтараў” Сямёна Беражнога, а таксама мужа і жонку Ігара і Таццяну Гершанковых вінаватымі ва ўчыненні забойстваў і падрыхтоўцы да забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымаганні, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Гершанковы таксама прызнаныя вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропных рэчываў (захоўванне без мэты збыту). Чацвёрты фігурант справы Барыс Калеснікаў быў абвінавачаны ў разбоі, дапамаганні пры здзяйсненні забойства і пры выкраданні чалавека. Беражнога і Гершанкова аблсуд прыгаварыў да смяротнай кары, Таццяну Гершанкову — да 24 гадоў пазбаўлення волі, Калеснікава — да 22 гадоў і аднаго месяца зняволення.

20 снежня 2017 года Вярхоўны суд пакінуў без змены прыгаворы фігурантам справы, а іх апеляцыйныя скаргі і скаргі іх абаронцаў — без задавальнення. 14 чэрвеня 2018 года стала вядома, што намеснік старшыні Вярхоўнага суда прыпыніў выкананне смяротных прысудаў Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному на час разгляду іх наглядных скаргаў.

У гэтым годзе Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальны зварот Беражнога і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцці часовых мер да вынясення Камітэтам канчатковага рашэння. Праваабаронцы спадзяваліся, што Беларусь прыме рашэнне аб прыпыненні выканання прысуду да разгляду звароту, але беларускія ўлады не адрэагавалі на запыт КПЧ ААН. Аналагічны зварот быў зарэгістраваны КПЧ ААН і ў дачыненні да Ігара Гершанкова.

У 2018 годзе ў Беларусі былі пакараныя чатыры чалавекі. Акрамя Беражнога і Гершанкова раней былі пакараныя неаднаразова судзімы жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, які ўчыніў у сакавіку 2016 года забойства суседзяў-пенсіянераў, і Віктар Лётаў — у 2017 годзе ён быў прызнаны вінаватым у забойстве сукамерніка ў папраўчай калоніі ў Глыбокім.

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў застаюцца прызнаныя вінаватымі ў забойстве трох чалавек Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Беларусь з’яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных памілаваны прэзідэнтам.

belapan.by