ЕЗ чакае ад уладаў Беларусі вызвалення ўсіх затрыманых у Дзень Волі
Дэмакратычныя прынцыпы і фундаментальныя свабоды выказвання, сходаў, асацыяцый і СМІ павінны цалкам выконвацца ў любым дэмакратычным грамадстве. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч з нагоды падзей, звязаных са святкаваннем Дня Волі ў Беларусі.
„25 сакавіка Беларусь адзначыла Дзень Волі ў азнаменаванне стагоддзя абвяшчэння сваёй незалежнасці. У той час як дазвол правесці святочнае мерапрыемства быў ацэнены як належыць, заяўка на правядзенне шэсця была адхіленая, і рэакцыя ўладаў Беларусі была непрапарцыйнай”, — заявіла Качыянчыч. Еўразвяз, адзначыла яна, чакае, што нядаўна арыштаваныя грамадзяне, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад вартай, будуць неадкладна вызваленыя.
„Крокі Беларусі да забеспячэння ўсеагульных фундаментальных свабод, вяршэнства права і правоў чалавека па-ранейшаму будуць асновай у фармаванні будучых дачыненняў Еўрапейскага звяза з гэтай краінай”, — падкрэсліла прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка супрацоўнікі органаў унутраных спраў затрымалі не менш як 110 чалавек. Група апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў таксама былі затрыманыя прэвентыўна, за некалькі дзён да святкавання. Большасць з затрыманых былі адпушчаныя вечарам 25 сакавіка. У дачыненні як мінімум 12 чалавек у Менску складзеныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў), яны могуць быць арыштаваныя. Судовыя працэсы таксама праходзяць у рэгіёнах.
Дзень Волі апазіцыя штогод адзначае ў гонар абвешчанай 25 сакавіка 2018 года Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйныя ўлады гэтую гістарычную дату ігнаруюць.