ЕЗ да 2020 года накіруе на знешнія граніцы 10 тыс. пагранічнікаў
На знешнія граніцы ЕЗ для барацьбы з міграцыйным крызісам да 2020 года будуць накіраваны 10 тыс. пагранічнікаў. Як паведамляе Deutsche Welle, аб гэтым заявіў кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер у час выступлення ў Еўрапарламенце.
„Гэта важнае рашэнне Еўрапейскага савета. Першапачаткова лічылася, што неабходна зрабіць гэта да 2027 года. Цяпер мы гаворым пра 2020 год”, – паведаміў Жан-Клод Юнкер. Паводле яго слоў, трэба пашырыць правы пагранічнікаў, таксама яны „павінны мець магчымасць дзейнічаць у трэціх краінах, аднак заўсёды прымаючы пад увагу згоду гэтых краін”.
Кіраўнік Еўракамісіі падкрэсліў, што магчымае стварэнне цэнтраў па прыёме бежанцаў у Паўночнай Афрыцы трэба абмяркоўваць разам з адпаведнымі дзяржавамі.
Раней краіны ЕЗ дамовіліся выдзеліць з еўрапейскага фонду развіцця не менш за 500 млн еўра ў мэтавы фонд для Афрыкі. Акрамя таго, было прынята рашэнне выдзеліць 3 млрд еўра для барацьбы з міграцыйным крызісам.
28-29 чэрвеня 2018 года ў час саміту ЕЗ у Бруселі еўрапейскія лідары ўзгаднілі шэраг мер абмежавання прытоку бежанцаў. У прыватнасці, пашырэнне паўнамоцтваў і павелічэнне складу пагранічнай службы ЕЗ Frontex, адкрыццё лагераў для бежанцаў у Паўночнай Афрыцы і магчымасць стварыць у ЕЗ закрытыя лагеры для мігрантаў, чые прашэнні аб прыстанішчы знаходзяцца на разглядзе. Іспанія і Грэцыя выказалі гатоўнасць прымаць назад бежанцаў, калі нямецкія праваахоўнікі на граніцы з Аўстрыяй установяць, што іх даныя ўжо ўнесены ў агульную базу EURODAC.