ЕЗ і Савет Еўропы заклікаюць Беларусь увесці мараторый на смяротную кару
Еўразвяз і Савет Еўропы чарговы раз заклікалі Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Пра гэта гаворыцца ў іх сумеснай дэкларацыі з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.
„Савет Еўропы і Еўразвяз пацвярджаюць сваю рашучую і недвухсэнсоўную пазіцыю супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах і ва ўсіх выпадках, — гаворыцца ў дэкларацыі, тэкст якой распаўсюдзіла прэс-служба Савета ЕС. — Пакаранне смерцю несумяшчальнае з чалавечай годнасцю. Яно ўяўляе сабой абыходжанне, якое з`яўляецца бесчалавечным і прыніжае годнасць, не мае даказанага эфекту стрымлівання і дазваляе судовым памылкам рабіцца незваротнымі і смяротнымі”.
Адмена смяротнай кары ў Еўропе ў дэкларацыі называецца „асаблівым дасягненнем” — гэты від пакарання адмянілі ўсе дзяржавы — члены Еўразвяза і Савета Еўропы.
„Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз заклікаюць усе еўрапейскія дзяржавы ратыфікаваць пратаколы да Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, якія забараняюць смяротнае пакаранне, — гаворыцца ў дэкларацыі. — Яны заклікаюць Беларусь — адзіную еўрапейскую краіну, якая ўсё яшчэ ўжывае смяротнае пакаранне, — увесці мараторый у якасці вырашальнага кроку па набліжэнні краіны да агульнаеўрапейскіх прававых стандартаў”.
Савет Еўропы і Еўрапейскі саюз таксама зноў заклікалі ўсе краіны, якія па-ранейшаму ўжываюць смяротнае пакаранне, неадкладна ўвесці мараторый у якасці першага кроку на шляху да адмены гэтага віду пакарання і замяніць ўжо вынесеныя смяротныя прысуды на турэмныя тэрміны.
З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі праходзіць традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, арганізаваны беларускімі праваабаронцамі.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў было пакарана больш за 400 чалавек, і толькі адзін з прыгавораных да смяротнага пакарання быў памілаваны кіраўніком дзяржавы.