ЕЗ лічыць важным працягнуць падтрымку беларускіх незалежных СМІ
Еўразвяз заклікае вызваліць затрыманых у Беларусі журналістаў. З такой заявай выступіла прадстаўніца ЕЗ па замежных справах і агульнай палітыцы бяспекі — намеснік старшыні Еўракамісіі Федэрыка Магерыні.
Яна адзначыла, што ЕЗ праінфармаваны пра вобыскі і арышты журналістаў, якія адбыліся 7—8 жніўня ў незалежных сродках масавай інфармацыі Беларусі. „Гэтыя дзеянні супярэчаць палітыцы дэмакратызацыі, дэклараванай Беларуссю, а таксама яе міжнародным абавязацельствам. Фундаментальныя правы і свабоды, уключаючы свабоду выказванняў і СМІ, павінны выконвацца”, — падкрэсліла Магерыні.
Еўразвяз, паводле яе слоў, прыхільнік таго, каб Беларусь „была стабільнай, дэмакратычнай і шчаснай” дзяржавай, якая дзейнічае „на карысць народа” і працягаве ўзаемадзейнічаць з усімі краінамі свету. „У гэтай сувязі ЕЗ лічыць важным працягнуць падтрымку незалежных СМІ. Таксама Еўразвяз працягне пільна назіраць за сітуацыяй у Беларусі, у тым ліку праз сваё прадстаўніцтва ў Менску”, — заявіла Магерыні.
Арышты, вобыскі і допыты журналістаў праводзяцца ў Беларусі ўжо другі дзень запар у межах распачатай Следчым камітэтам справы на падставе ч. 2 арт. 349 КК (несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).
Фота KP.UA