Беларусы змагаюцца за ўвядзенне санкцый супраць рэжыму
Беларусы змагаюцца за ўвядзенне жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Гэтай пазіцыі прытрымліваецца ў прыватнасці каманда Святланы Ціханоўскай.
Так, на думку дарадцы Ціханоўскай па эканамічных пытаннях Алеся Аляхновіча, рэжым Лукашэнкі ўжо перакрочыў „чырвоную лінію”:
– У самыя бліжэйшыя дні будзе агучаны чацвёрты пакет санкцый супраць рэжыму. Ён павінен ужо закранаць не толькі персанальныя санкцыі, але і санкцыі супраць важных дзяржаўных прадпрыемстваў. Магчыма таксама будуць абяцанні, альбо і сапраўдныя дзеянні супраць цэлых сектараў беларускай эканомікі. Напрыклад, эмбарга на пастаўку нафтапрадуктаў, на пастаўку калійных угнаенняў, металаў, драўніны. Гэта вельмі важныя сектары для беларускай эканомікі, гэта будзе ствараць сапраўдны ціск на рэжым.
Дарадца Ціханоўскай па замежных справах Валерый Кавалеўскі адказвае на аргумент праціўнікаў санкцый, што яны могуць зруйнаваць эканоміку Беларусі:
– Самае важнае ўсё ж такі гэта нашы людзі, без якіх краіны не будзе дакладна. Нават калі там будуць самыя лепшыя прадпрыемствы стаяць, самае важнае захаваць, абараніць людзей. Таму тыя санкцыі, пра якія мы гаворым, мы заўсёды ставім за мэту, санкцыі павінны прывесці да вызвалення палітзняволеных, гэта самая галоўная мэта.
Учора прадстаўнік Еўразвязу па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, выступаючы ў Еўрапейскім парламенце падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі, адзначыў, што новыя адрасныя санкцыі Еўразвязу закрануць крытычныя галіны беларускай эканомікі. Ухваленне санкцый плануецца 21 чэрвеня на пасяджэнні Рады міністраў замежных спраў ЕЗ.
Беларускае Радыё Рацыя