ЕЗ можа вярнуць персанальныя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў



На паседжанні Еўрапарламенту ў Бруселі пры абмеркаванні сітуацыі ў Беларусі, прагучалі рэзкія ацэнкі перадвыбарчых рэпрэсіўных дзеянняў улады Беларусі. 

Па меркаванні прафсаюзнага лідара Генадзя Фядыніча, магчыма, што пасля некалькіх гадоў пэўнай адлігі ў адносінах Захаду і ўладаў Беларусі нейкія жорсткія меры, у прыватнасці, персанальныя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў, якія парушаюць правы чалавека, будуць вернутыя. Хаця зрабіць гэта будзе складана.

– Навучылася наша ўлада таксама працаваць з некаторымі парламентарыямі. Хтосьці ўтрымаецца, хтосьці будзе гаварыць: а давайце санкцыі не будзем уводзіць, а то Беларусь пойдзе ў абдымкі да Расеі. Артыкул 31 дамовы з Расеяй ніхто не адмяняў, будзе Еўразвяз рабіць санкцыі, ці не будзе.  Не трэба гэтага нічога баяцца. Калі сёння ўрад робіць недэмакратычна, незаконна і ўсе рэкамендацыі ранейшыя АБСЕ ігнаруе, то, безумоўна, Еўрапарламент павінен звярнуцца да Еўразвяза і адпаведна рабіць захады, каб не прасіць, а прымусіць урад і ўладу рабіць усё па законе і дэмакратычна.

Але самае галоўнае, каб ад гэтага не пацярпеў беларускі народ. Траба пакінуць у дзеянні пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое прадугледжвае больш танныя візы для беларусаў. „Неабходна гэта пакінуць, таму што ў першую чаргу гэта патрэбна нашым грамадзянам, а не ўраду”, – упэўнены Генадзь Фядыніч. 

Беларускае Радыё Рацыя