ЕЗ падвоіў дапамогу для развіцця прыватнага сектара і кіравання міграцыяй у Беларусі
Еўрапейскі звяз абвясціў пра падваенне пакета двухбаковай дапамогі Беларусі: з 14,5 мільёнаў еўра ў 2015 годзе да 29 млн еўра ў 2016 годзе.
Гэтыя сродкі павінны падтрымаць намаганні краіны па ажыццяўленні рэформаў і прадаставіць дадатковую дапамогу ў сферах рэгіянальнага развіцця і развіцця прыватнага сектара, кіравання міграцыяй і прадастаўлення прыстанішча, а таксама далейшую падтрымку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўрапейскай камісіі.
Фінансаванне будзе выдзелена для садзейнічання развіццю прыватнага сектара (14 млн еўра) з дапамогай падтрымкі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, заснаванага на шырокім удзеле грамадзян. „Надаючы асаблівую ўвагу рэгіёнам з нізкай канкурэнтаздольнасцю, ЕЗ падтрымае інавацыі ў мэтах мясцовага развіцця пры шырокай уцягнутасці грамадзян. Праграма падтрымае развіццё мясцовых службаў кансультавання бізнесу і, такім чынам, паспрыяе распаўсюджванню ведаў аб працы малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Яна таксама паспрыяе пашырэнню доступу да фінансавання для мікрапрадпрыемстваў, малых і сярэдніх прадпрыемстваў і сацыяльных прадпрыемстваў”, — паведамляецца ў прэс-рэлізе.
Адзначаецца, што названыя меры таксама дапамогуць Беларусі адрэагаваць на рост колькасці нерэгулярных мігрантаў (7 млн еўра), падтрымаўшы ўрад Беларусі ў распрацоўцы і ўкараненні поўнамаштабнай стратэгіі кіравання нерэгулярнай міграцыяй у адпаведнасці з міжнароднымі правамі і стандартамі ў галіне міграцыі, што ўнясе свой уклад у захаванне правоў чалавека і фундаментальных правоў у галіне нерэгулярнай міграцыі. Падтрымку атрымае Праграма садзейнічання добраахвотнаму вяртанню і рэінтэграцыі, а таксама будаўніцтва і рэканструкцыя цэнтраў часовага ўтрымання мігрантаў.
Яшчэ адна ініцыятыва дасць Беларусі падтрымку (6 млн еўра) ва ўмацаванні інстытутаў з дапамогай ажыццяўлення структурных і інстытуцыйных рэформаў у ключавых сферах праз умацаванне патэнцыялу дзяржаўных ведамстваў Беларусі, а таксама дзяржаўных і напаўдзяржаўных прадпрыемстваў у галіне выпрацоўкі палітыкі. Гэтая ініцыятыва таксама будзе садзейнічаць станаўленню належнага кіравання, юстыцыі, гендарнай роўнасці і вяршэнства права. У якасці новай формы супрацоўніцтва з Беларуссю будзе прапанаваны твінінг.
Акрамя таго, ЕЗ выдзеліць падтрымку Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту, які працуе ў Вільні (2 млн еўра), тым самым спрыяючы дэмакратычнаму развіццю ў Беларусі пры дапамозе прадастаўлення маладым беларусам магчымасці атрымаць незалежную вышэйшую адукацыю.