ЕЗ папярэдзіў Лукашэнку аб новых санкцыях з-за ўцягвання ў расейскую агрэсію
Беларусь сутыкнецца з новымі абмежавальнымі мерамі з боку Еўразвяза, калі Аляксандр Лукашэнка будзе больш актыўна далучацца ў агрэсію Расіі супраць Украіны.
Пра гэта на брыфінгу заявіў афіцыйны прадстаўнік ЕЗ па знешнепалітычных пытаннях Петэр Стана.
«Мы ведаем пра фальшывыя абвінавачанні рэжыму Лукашэнкі ў адрас Украіны, звязаныя з планаваннем атакі на тэрыторыю Беларусі. Гэта цалкам неабгрунтаваныя, недарэчныя абвінавачанні, і яны цалкам непрымальныя. Украіна тут ахвяра, Украіна тут не агрэсар. Мы нагадваем рэжыму Беларусі, што Украіна падвяргаецца жорсткай атацы ў парушэнне міжнароднага права. Мы заклікаем рэжым у Менску ўхіліцца ад любога ўдзелу ў гэтым жорсткім нелегітымным нападзе. Мы заклікаем рэжым у Менску спыніць прадастаўляць тэрыторыю Беларусі ў якасці стартавай пляцоўкі для авіяцыйных удараў, уключаючы ракетныя ўдары і ўдары дронамі па ўкраінскай тэрыторыі», – заявіў Петэр Стана.
Ён таксама папярэдзіў, што любыя актыўныя дзеянні з боку Лукашэнкі будуць сустрэты новымі і суровымі санкцыямі. Паводле слоў Стана, у ЕЗ інфармаваныя аб сённяшніх ягоных заявах наконт разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў СД.
«Любыя далейшыя дзеянні, калі рэжым Беларусі вырашыцца больш актыўна ўдзельнічаць у гэтай незаконнай вайне – мы чулі заявы Лукашэнкі аб сумеснай беларуска-расейскай рэгіянальнай групоўцы войскаў. У нас няма падрабязнасьцяў, але калі гэта адбудзецца, гэта будзе яшчэ адна эскалацыя, і гэта не застанецца без увагі Еўрапейскага звяза. Дазвольце мне нагадаць, што ўсё гэта робіцца менавіта рэжымам Беларусі супраць волі большасці жыхароў Беларусі, гэта будзе сустрэта новымі і суровымі абмежавальнымі мерамі з боку ЕЗ», – дадаў Стана.