ЕЗ патрабуе неадкладна вызваліць затрыманых у Беларусі журналістаў
У Еўрапейскім звязе запатрабавалі „неадкладна вызваліць” пяць журналістаў, затрыманых і асуджаных у Беларусі да адміністрацыйнага арышту на мінулым тыдні.
Гаворка ідзе пра Аляксандра Буракова-старэйшага, ягонага пляменніка – Аляксандра Буракова-малодшага, Міхаіла Аршынскага, Дзмітрыя Лупача і Алеся Асіпцова.
Як сказана ў заяве прадстаўніка знешнепалітычнай службы ЕС Петэра Стана, якая паступіла ў DW, усе яны, па паведамленнях СМІ, асвятлялі грамадскія акцыі ў падтрымку вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, які раней абвясціў пра намер балатавацца на выбарах Прэзідэнта Беларусі.
Таксама ў дакуменце адзначана, што „свабодныя, разнапланавыя і незалежныя СМІ — гэта адна з асноў дэмакратычнага грамадства”. „У сувязі з тым, што Беларусь падыходзіць да кампаніі па выбарах прэзідэнта, забеспячэнне свабоды сродкаў масавай інфармацыі мае асаблівае значэнне”, – упэўненыя ў знешнепалітычнай службы ЕЗ.
У сувязі з гэтым ЕЗ настойвае на неадкладным вызваленні рэпарцёраў і патрабуе гарантаваць ім права выконваць сваю працу „без страху” і пагрозы ўмяшання.