ЕЗ плануе спрасціць візавы рэжым з Беларуссю



Міністры замежных спраў  28 краінаў ЕЗ на сённяшнім пасяджэнні ў Бруселі выказаліся за паскарэнне працэсу спрашчэння візавага рэжыму з Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў заяве па выніках міністэрскага пасяджэння.

„ЕЗ надае вялікае значэнне пашырэнню чалавечых кантактаў з Беларуссю, а таксама чакае хуткага завяршэння перамоў і падпісання пагаднення аб палягчэнні візавага рэжыму, пагадненняў аб рэадмісіі і мабільнасці,” – адзначаецца ў выніковым дакуменце.

Як паведамлялася раней, ЕЗ прыняў сёння рашэнне скасаваць санкцыі супраць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў. Гаворка ідзе агулам пра 170 фізічных асобаў і тры кампаніі. Апроч іншага, з Лукашэнкі ды іншых чыноўнікаў знятая забарона на паездкі ў краіны ЕЗ і арышт банкаўскіх актываў.

Застаюцца дзейнічаць санкцыі супраць чатырох асобаў, якіх у ЕС лічаць датычнымі да знікнення апазіцыянераў у Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота naviny.by