ЕЗ прадоўжыў санкцыі ў адносінах да Расеі на паўгода
Еўразвяз прадоўжыў на шэсць месяцаў эканамічныя санкцыі ў адносінах да Расеі, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў канцы ліпеня.
Аб гэтым паведамляе ТАСС, спасылаючыся на афіцыйную заяву Савета ЕЗ. Абмежавальныя меры, якія распаўсюджваюцца на асобныя сектары расейскай эканомікі, будуць дзейнічаць да 31 студзеня 2019 года.
Рашэнне аб прадаўжэнні санкцый уступіць у сілу 9 ліпеня пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЕЗ. Цяпер у адносінах да Расеі дзейнічае некалькі пакетаў санкцый ЕЗ: эканамічныя, індывідуальныя абмежавальныя меры і санкцыі па Крыме.
Сектаральныя эканамічныя меры былі першапачаткова ўведзены 31 ліпеня 2014 года і датычацца фінансавага, энергетычнага і абароннага сектараў, а таксама тавараў двайнога прызначэння. Меры ўключаюць эмбарга на гандаль зброяй і забарону на экспарт у Расею тавараў двайнога прызначэння для ваенных патрэб, а таксама абмежаванне доступу Расеі да асобных маючых стратэгічнае значэнне тэхналогій і паслуг, якія могуць выкарыстоўвацца для распрацоўкі і здабычы нафты.