ЕЗ прапанаваў Беларусі падпісаць пагадненне па спрашчэнні візавага рэжыму ў студзені
ЕЗ прапанаваў афіцыйнаму Менску падпісаць пагадненні па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ў студзені 2020 года ў Бруселі. Пра гэта паведамляцца ў прэс-рэлізе, апублікаваным пасля сустрэчы беларуска-еўрапейскай каардынацыйнай групы. Нагадаем, што ўсе падрыхтоўчыя крокі па гэтых пагадненнях ужо завершаныя.
На сустрэчы бакі абмеркавалі дэталі заключных працэдураў па падпісанні дакументаў. Пасля падпісання пагадненняў іх павінны зацвердзіць Еўрапарламент і Нацыянальны сход Беларусі.
Паводле інфармацыі партала TUT.by з дыпламатычных колаў, 19 снежня Савет ЕЗ зацвердзіў рашэнне аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб рэадмісіі. Каб набыць моц, яно павінна быць апублікавана ў Афіцыйным часопісе ЕЗ. Новы Візавы кодэкс ЕЗ набудзе моц 2 лютага. Згодна з ім, збор пры атрыманні шэнгенскай візы павялічыцца да 80 еўра (цяпер 60). Гэта значыць, што беларусам давядзецца пэўны час плаціць па 80 еўра за шэнгенскую візу — пакуль не набудзе моц пагадненне з ЕЗ. У еўраструктурах адзначаюць, што такое павелічэнне будзе часовым. Калі пагаденне аб спрашчэнні візавага рэжыму набудзе моц, візавы збор аўтаматычна знізіцца да 35 еўра.