ЕЗ працягнуў абмежавальныя меры ў адносінах да Беларусі
Рада Еўразвяза працягнула яшчэ на адзін год — да 28 лютага 2018 года — эмбарга на пастаўкі ў Беларусь зброі і візавыя санкцыі супраць чатырох беларускіх грамадзян.
„Такія меры ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі і замарожванне рахункаў, а таксама забарону на паездкі ў дачыненні да чатырох чалавек, якія лічацца датычнымі да гвалтоўных знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах”, — гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на афіцыйным сайце Савета ЕЗ.
Пад санкцыямі застаюцца Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).
Што тычыцца эмбарга на пастаўкі зброі, то Савет ЕЗ зрабіў выключэнне для экспарту ў Беларусь біятлоннага абсталявання. „Ён застанецца пры ўмове атрымання папярэдняга дазволу кампетэнтных нацыянальных органаў у кожным канкрэтным выпадку”, — гаворыцца ў паведамленні.
„Адчувальныя крокі, што прымаюцца Беларуссю ў пытанні павагі ўніверсальных асноўных свабод, вяршэнства права і правоў чалавека, застаюцца ключавымі для фарміравання будучай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі. Пра гэта было заяўлена раней у высновах Рады ЕЗ ад 15 лютага 2016 года”, — адзначаецца ў паведамленні.
15 лютага мінулага года Еўразвяз адмяніў санкцыі ў дачыненні да 170 фізічных і трох юрыдычных асоб Беларусі ў адказ на „крокі, зробленыя Мінскам для паляпшэння адносінаў з ЕЗ”, а таксама ўлічваючы „канструктыўную ролю Беларусі ў рэгіёне”. Пры гэтым у рашэнні Савета ЕЗ адзначалася, што Еўразвяз па-ранейшаму занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і зноў нагадвае, што „адносіны Беларусі і ЕЗ павінны грунтавацца на агульных каштоўнасцях, асабліва гэта тычыцца павагі правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закона”.
У Менску неаднаразова заяўлялі, што чакаюць поўнай адмены санкцый з боку ЕЗ. Так, 17 лютага гэтага года ў інтэрв’ю венгерскай газеце Magyar Hirlap намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка заявіў: „Летась была адмененая большасць санкцый у дачыненні да Беларусі, гэта паклала пачатак новаму этапу ў беларуска-еўрапейскіх адносінах. Пасля амаль дваццаці гадоў мы нарэшце можам казаць пра сур`ёзную нармалізацыю адносін. Мы чакаем адмены і астатніх санкцый, хаця разумеем, што для гэтага патрэбны час, і ставімся да гэтага спакойна”.
Беларусь і ЕЗ, у якіх былі „няпростыя перыяды” ў папярэднія гады, сёння шукаюць „агульныя падыходы, агульныя інтарэсы, магчымасці супрацоўніцтва”, дадаў намеснік міністра. „Мне здаецца, мы змаглі пераадолець многія супярэчнасці. Вядома, застаюцца яшчэ некаторыя праблемныя пытанні, але мы імкнемся знайсці па іх кампраміс”, — заявіў Краўчанка.