ЕЗ сутыкнуўся з самым сурʼёзным выпрабаваннем з моманту свайго заснавання
Канцлер Германіі Ангела Меркель лічыць, што сітуацыя з каронавірусам з’яўляецца для ЕЗ самым сурʼёзным выклікам з моманту стварэння супольніцтва. Аб гэтым, як паведамляе ТАСС, канцлер заявіла сёння, 6 красавіка, журналістам у Берліне.
«На мой погляд, ЕЗ сутыкнуўся з самым сурʼёзным выпрабаваннем з моманту свайго заснавання», – цытуе ТАСС Ангелу Меркель. Яна ўказала на тое, што пандэмія закранула ўсе краіны Еўразвязу. «Гэта сіметрычны шок, так гэта можна характарызаваць з тэхнічнага пункту гледжання», – адзначыла канцлер. Яна дадала, што гэта стымул для ўсіх членаў ЕЗ абʼяднацца, каб Еўропа выйшла з крызісу яшчэ больш моцнай.
Таксама Ангела Меркель заявіла, што пакуль рана гаварыць аб тым, калі ў Германіі могуць быць аслаблены абмежаванні, уведзеныя ў сувязі з распаўсюджваннем каронавірусу.
Сёння ў самой Германіі не працуюць музеі, тэатры, канцэртныя і выставачныя залы, закрыты рэстараны, бары, цырульні, касметычныя салоны, басейны і спартыўныя залы. Людзям, акрамя семʼяў і тых, хто жыве пад адным дахам, нельга збірацца больш як па двое. На вуліцы і ў магазінах трэба захоўваць дыстанцыю 1,5 м адзін ад аднаго. Парушэнні абмежаванняў кантралююць паліцыя і адміністрацыйныя органы. Пры захаванні названых мер бяспекі людзі могуць выходзіць на прагулкі, займацца спортам на адкрытым паветры, знаходзіцца ў парках і скверах.
Ніхто не забараняе кожнай асобнай федэральнай зямлі дзейнічаць больш строга. Напрыклад, у Гесэне хадзіць па вуліцах можна толькі па аднаму. Баварыя і Саксонія ўвялі каранцін паўсюль, абмежаванні там значна больш строгія, чым у іншых рэгіёнах.
Абмежаванні пакуль дзейнічаюць да 19 красавіка ўключна.
Успышка захворвання, якое выклікаецца новым каронавірусам, была зафіксавана ў канцы 2019 года ў Цэнтральным Кітаі, распаўсюдзілася на большасць краін свету і была прызнана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя пандэміяй.