ЕЗ цалкам падтрымлівае Польшчу ў пытанні міграцыйнага крызісу



Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі абмеркаваў з кіраўнікамі краін Еўразвязу сітуацыю на мяжы з Беларуссю.

Сустрэча прайшла ў замку Брдо ў Славеніі падчас саміту ЕЗ – Заходнія Балканы. Па словах кіраўніка ўрада, Варшава карыстаецца поўнай падтрымкай Брусэля ў сітуацыі, звязанай з міграцыйным крызісам на мяжы краін ЕЗ і Беларусі.

Чыноўнік падкрэсліў, што польска-беларуская мяжа таксама з’яўляецца ўсходняй мяжой ЕЗ: „Тут відаць як на далоні, што трэба было ўвесці рэжым надзвычайнага здарэння, што ўсе дзеянні па ахове мяжы былі выкліканыя неабходнасцю” адзначыў польскі прэм’ер.

Нагадаю, з-за павелічэння патокаў нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі Літва абвясціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны, Латвія і Польшча ўвялі надзвычайнае становішча ў раёнах, якія мяжуюць з Беларуссю.