Павал Усаў: Тое, што робіць Еўравяз, – гэта палітычнае глупства (абноўлена)
Рада ЕЗ рашэннем ад 31 ліпеня зняла санкцыі з 24 беларускіх чыноўнікаў і суддзяў.
Сярод іх – былая чыноўніца адміністрацыі Лукашэнкі – Наталля Пяткевіч, кіраўнік менскай міліцыі адказны за разгоны акцый апазіцыі Яўген Полудзень ды іншыя. Еўразвяз не тлумачыць, чаму менавіта гэтыя асобы выкрэсленыя з „чорнага спісу””.
Палітычны эксперт Павал Усаў называе гэтае рашэнне абсурдным і немаральным:
– Тыя людзі, якія непасрэдна задзенічаныя ў рэпрэсіях, ва ўзмацненні рэжыму і яго функцыянаванні, павінны знаходзіцца ў “чорным спісе” да моманту пакуль у Белаусі не зменіцца палітычная сітуацыя. Тое, што робіць Еўравяз, – гэта палітычнае глупства.
Пры гэтым Павал Усаў у эфіры нашага радыё не выключыў, што ранейшы спіс у больш як сотню чыноўнікаў – могуць скараціць да аднаго-двух дзясяткаў найбольш адыёзных асобаў.
Нагадаем, што з санкцыйнага спісу выключаныя наступныя грамадзяне (пасады пазначаны на момант уключэння ў пералік):
Генадзь Нявыглас (кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта);
Наталля Пяткевіч (першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта);
Анатоль Рубінаў (намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па пытаннях СМІ і ідэалогіі);
Яўген Полудзень (намеснік міністра ўнутраных спраў);
Леанід Мальцаў (дзяржсакратар Савета бяспекі);
Аляксей Васільеў (кіраўнік Менскай рэгіянальнай выбарчай камісіі);
Юрый Пракопаў (журналіст Першага тэлеканала);
Уладзімір Палуян (міністр па падатках і зборах);
Міхаіл Батура (рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі);
Генадзь Падгайскі (дырэктар Менскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа);
Сяргей Абламейка (рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта);
Тамара Алпеева (рэктар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута).
Санкцыі знятыя таксама з суддзяў: Андрэя Бараноўскага, Алены Ананіч, Вольгі Гусаковай, Мікалая Балаўнева, Алены Чарняк, Жанны Дубінінай (Роўда), Наталлі Кузняцовай, Алены Лапцевай, Наталлі Меркуль, Лідзіі Целіцы, Наталлі Варэнік, Валянціны Зянькевіч.
У першапачатковы санкцыйны спіс ЕЗ уваходзілі чатыры чыноўнікі, якія, на думку ЕЗ, датычныя да знікнення ў Беларусі палітыкаў у 1999-2000 гадах: Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).
Спіс не раз папаўняўся. Увосень 2008 г. дзеянне санкцый было прыпынена ў дачыненні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў. Пасля жорсткага разгону дэманстрацыі ў Менску на апошніх прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года, а таксама пасля рэпрэсій, якія пачаліся пасля гэтага ў дачыненні да апазіцыі, ЕЗ аднавіў дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі.
Такім чынам, у цяперашні час у чорным спісе ЕЗ 177 прозвішчаў беларускіх чыноўнікаў.
БелаПАН, Беларускае Радыё Рацыя