ЕЗ скасаваў большасць санкцый супраць афіцыйнага Менска (абноўлена)



Рада Еўразвязу на сённяшнім пасяджэнні міністраў замежных спраў вырашыла адмяніць большую частку санкцый супраць беларускага рэжыму, паведамляе радыё «Свабода».

Рашэньне здымае блакаванне актываў і візавыя забароны для 170 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэння, суддзяў і пракурораў, а таксама для трох кампаній.

Пад санкцыямі засталіся чатыры асобы, якія, як мяркуецца, адказныя за знікненне прадстаўнікоў апазіцыі: Уладзімір Навумаў, Дзмітры Паўлічэнка, Юры Сівакоў і Віктар Шэйман.

Застаецца таксама эмбарга на пастаўкі зброі.

Рашэнне Рады Еўразвязу пра адмену санкцый уваходзіць у дзеянне 1 сакавіка.

* * *

Чальцы камісіі па справах Беларусі ў польскім Сейме, якая аднавіла працу на мінулым тыдні, выступаюць супраць поўнай адмены санкцый у дачыненні да Беларусі. Сёння рашэнне ў справе санкцый вырашаецца на паседжанні Рады Еўразвязу ў Бруселі. Сябра прэзідыума камісіі ў Сейме, дэпутат ад “Грамадзянскай платформы” Анджэй Галіцкі лічыць, што санкцыі павінны быць захаваныя:

Здзіўляе мяне пазіцыя Польшчы. Тым больш мы неаднаразова казалі, і варта было б прытрымлівацца і далей такой пазіцыі: пунктам выйсця да нармалізацыі стасункаў ёсць вольныя дэмакратычныя выбары. Як вядома, дагэтуль не выпадае казаць пра такія выбары ў Беларусі. Зрэшты, такой думкі прытрымліваюцца і тыя, хто стваралі групу на карысць дэмакратыі ў Беларусі, разам з прадстаўнікамі партый “Права і Справядлівасць”, “Грамадзянская платформа”, у супрацы з Робертам Тышкевічам, Адамам Ліпіньскім – асобамі, якія падкрэслівалі агульную з намі пазіцыю.

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пазітыўна ацаніў магчымае рашэнне пра зняццё санкцыяў, накладзеных на афіцыйны Менск. Чакаецца, што напрыканцы сакавіка ён наведае Менск з афіцыйным візітам.

* * *

Рада Еўразвязу абмяркоўвае зняццё санкцыяў з афіцыйнага Менска. Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пазітыўна ацаніў магчымае рашэнне пра зняццё санкцыяў. Намеснік старшыні Еўрапейскага парламента ад еўрапейскіх  кансерватараў Рышард Чарнецкі лічыць, што зняццё санкцыяў – гэта крок у добрым кірунку.

– Гэта добры крок, нават калі змены ў Беларусі недастатковыя. Варта гэтыя санкцыі адмяніць. І паказаць, што Польшча, адпаведна і Еўропа, адкрыта для Беларусі.

Чакаецца, што сёння міністры замежных спраў Еўразвязу прымуць рашэнне пра зняццё абмежаванняў, уведзеных супраць беларускага ўрада, або працяг старых санкцыяў, якія былі замарожаныя  ў кастрычніку мінулага года. Яны тычацца 171 фізічнай асобы і 10 юрыдычных. Санкцыі засталіся  ў дачыненні да  чатырох асобаў, якіх Еўразвяз лічыць датычнымі да знікнення апазіцыйных палітыкаў.

Еўразвяз

Як вядома, 15 лютага на пасяджэнні ў Бруселі міністры замежных спраў краін ЕЗ абмяркуюць будучыню абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі і ўхваляць афіцыйнае рашэнне па гэтым пытанні, якое, як чакаецца, будзе абвешчана ў другой палове дня.

У канцы мінулага тыдня прэс-служба Савета Еўразвяза паведаміла, што ў выніковым рашэнні па Беларусі Савет ЕЗ „адзначыць магчымасць для развіцця адносін у больш пазітыўным ключы”, а таксама тое, што „прагрэс у розных галінах можа быць дасягнуты шляхам пашырэння канала камунікацый”.

Пры гэтым прэс-служба адзначыла, што „ў дакуменце савет выкажа сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі”, а таксама „з улікам парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца, закліча беларускія ўлады без прамаруджання выканаць рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па выніках назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2015 года”.

Нагадаем, у кастрычніку 2015 года Савет ЕЗ прыняў рашэнне працягнуць і адначасова замарозіць санкцыі ў дачыненні да 171 фізічнай і 10 юрыдычных асобаў Беларусі. Тэрмін дзеяння гэтага рашэння мінае 29 лютага.

Санкцыі былі прыпыненыя ў тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сцяпана Сухарэнкі. У спісе прадпрыемстваў значацца „Белтэхэкспарт”, „Белтэх Холдынг”, „Спецпрыборсервіс”, „Трайпл”, „Ракаўскі бровар”, футбольны клуб „Дынама”, „Прастор-Трэйд”, „Акватрайпл”, „КварцМелПрам”, Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў .

Пакуль пад дзеяннем санкцый застаюцца чатыры чалавекі, якіх ЕЗ лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах. Гэта Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).

У апошнія тыдні члены ЕЗ вялі актыўныя дыскусіі пра далейшы лёс санкцый у дачыненні да Беларусі. Вядома, што шэраг краін, у тым ліку Аўстрыя, Літва, Польшча, выступілі за іх адмену.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 12 лютага паведаміў, што міністры замежных спраў краін ЕЗ на сустрэчы ў панядзелак, хутчэй за ўсё, вырашаць не працягваць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, паколькі супраць іх прадаўжэння выступае некалькі краін ЕЗ. „З таго, што я зараз чую, па пазіцыі краін бачу, што яны не будуць прадоўжаныя, — цытуе Лінкявічуса партал Delfi. — У гэтым выпадку трэба згода ўсіх краін ЕЗ, толькі так былі б прадоўжаныя санкцыі. Калі супраць выступае хаця б адна краіна, санкцыі не працягнуць”.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі неаднаразова падкрэслівалі, што разлічваюць на поўную адмену санкцый, паведамляе belapan.by.

Беларускае Радыё Рацыя