ЕЗ зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротную кару



У сувязі з вынясеннем у Беларусі новага смяротнага прыгавору Еўразвяз зноў заклікаў улады краіны ўвесці мараторый на смяротную кару.

У заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Маі Качыянчыч, апублікаванай на сайце прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі, падкрэсліваецца, што прыгаворанаму да смяротнай кары Генадзю Якавіцкаму павінна быць гарантаванае права на абскарджанне рашэння суда.

„Якавіцкі быў асуджаны за цяжкае злачынства, і мы выказваем нашы глыбокія шкадаванні родным і блізкім ахвяр”, — гаворыцца ў дакуменце.

У той жа час падкрэсліваецца, што Еўрапейскі звяз „настроены супраць смяротнай кары ва ўсіх выпадках і без усялякіх выключэнняў”.

„Мы заклікаем Беларусь, якая з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, што прымяняе смяротную кару, далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротную кару ў якасці першага кроку да яе поўнай адмены. Змякчэнне прыгавораў і пачатак грамадскіх абмеркаванняў пытання смяротнай кары было б важным захадам у гэтым кірунку”, — адзначаецца ў дакуменце.

5 студзеня Менскі абласны суд на выязным пасяджэнні прыгаварыў 49-гадовага Генадзя Якавіцкага да расстрэлу. Ён прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сваёй сужыцелькі. Высветлілася таксама, што Якавіцкі прыгаворваўся да смяротнай кары яшчэ ў савецкія часы, але тады яму ўдалося абскардзіць прыгавор і расстрэл быў заменены на працяглы тэрмін пазбаўлення волі.

Гэта першы смяротны прыгавор, вынесены ў Беларусі ў новым годзе. Летась да вышэйшай меры пакарання быў прыгавораны жыхар Лідскага раёна Іван Кулеш, які прызнаны вінаватым у забойстве трох чалавек, а таксама ў замаху на забойства, крадзяжы, рабаванні. У камеры смяротнікаў на вуліцы Валадарскага ў Менску зараз утрымліваецца Сяргей Іваноў, асуджаны летась за жорсткае забойства дзяўчыны ў Рэчыцы.

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прыгавораў. Толькі адзін асуджаны быў памілаваны прэзідэнтам.

Беларусь — адзіная ў Еўропе і на постсавецкай прасторы краіна, дзе дагэтуль захавалася смяротная кара.

belapan.by