ЕЗ зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне
Еўразвяз зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, размешчанай 12 красавіка на афіцыйным сайце службы.
Заява зробленая ў сувязі з тым, што Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без зменаў прысуд Генадзю Якавіцкаму, якога Менскі абласны суд прыгаварыў да смяротнай кары.
Еўразвяз асуджае прымяненне смяротнага пакарання ў любой сітуацыі, гаворыцца ў заяве. „Яно не дзейнічае ў якасці застрашвання і з’яўляецца жорсткім пакараннем, непрымальным адмаўленнем чалавечай годнасці, — гаворыцца ў заяве. — ЕЗ заклікае Беларусь — адзіную краіну ў Еўропе, якая ўсё яшчэ прымяняе смяротнае пакаранне, паважаць права на жыццё кожнага свайго грамадзяніна і ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне ў якасці першага кроку на шляху да яго поўнай адмены”.
Як паведамлялася, 8 красавіка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле смяротны прысуд жыхару Вілейкі Генадзю Якавіцкаму. Раней 48-гадовы Якавіцкі быў прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве сужыцелькі і Менскім абласным судом прыгавораны да выключнай меры пакарання.
29 сакавіка Вярхоўны суд пакінуў у сіле і смяротны прысуд жыхару Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці Івану Куляшу.
Беларусь застаецца адзінай у Еўропе краінай, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З моманту незалежнасці краіны да расстрэлу былі прыгавораныя больш за 400 чалавек, прэзідэнт памілаваў з іх ліку толькі аднаго. Пасля вынясення кожнага смяротнага прысуду Савет Еўропы, Еўразвяз і праваабарончыя арганізацыі заклікаюць беларускія ўлады адмовіцца ад прымянення смяротнай кары і абвясціць мараторый на гэты від пакарання.