Ежы Таргальскі: Берлін хоча зрынуць польскі ўрад



Еўрапейская камісія паставіла польскаму ўраду ўльтыматум. Нягледзячы на тое, што прэзідэнт Анджэй Дуда наклаў вета на два законапраекты аб судах, брусельскія чыноўнікі лічаць, што суддзяў Найвышэйшага суда могуць змусіць сысці ў адстаўку.

Намеснік кіраўніка Еўракамісіі Франс Тымерманс заявіў, што ў гэтым выпадку Польшча можа быць пазбаўлена права голасу ў Еўразвязе.

Палітолаг Ежы Таргальскі называе гэта не інакш, як праявай імперскай палітыкі Берліна:

– Нямеччына імкнецца зрынуць урад Польшчы і выкарыстоўвае Еўрапейскую камісію, як інструмент. Яна не хоча, каб Польшча была саюзнікам Злучаных Штатаў, каб Польшча была незалежнай, а каб была эканамічнай калоніяй Нямеччыны.

Ежы Таргальскі таксама вельмі крытычна паставіўся да рашэння прэзідэнта накласці вета на законы аб судах. На думку палітолага, Польшча патрабуе неадкладнай і радыкальнай рэформы судовай сістэмы, бо яна не змянілася з часоў камунізму:

– Гэтая судовая сістэма цалкам незалежная. Суды пільнуюць, каб людзі, якія ловяць злачынцаў, былі пакараныя, а злачынцы звольненыя, бо яны з’яўляюцца чальцамі мафіі. 

Тым часам, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што цягам двух месяцаў падрыхтуе для парламента новыя законапраекты аб судах.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава